Унікальнаму папамабілю Mercedes-Benz споўнілася 40 гадоў
Папамабіль адмысловай канструкцыі быў спраектаваны спецыяльна для візіту св. Яна Паўла ІІ у Германію ў 1980 г. З верасня 2020 г. “юбіляр” будзе знаходзіцца ў аўтамабільным музеі маркі Mercedes-Benz у Штутгарце.
Хоць гісторыя папскіх “Мэрсэдэсаў” налічвае больш за 90 гадоў, аднак гэты саракагадовы папамабіль з’яўляецца ўнікальным. Мадэль Mercedes-Benz 230G была першай цалкам адаптаванай да патрэб Святога Айца. Ззаду машыны было размешчана спецыяльнае крэсла і парэнча, каб Папа мог падарожнічаць стоячы. Месца, на якім стаяў Святы Айцец, было ўзнята на 40 см адносна кабіны кіроўцы і накрыта празрыстым купалам са шкла. Дзякуючы гэтаму св. Яна Паўла ІІ маглі бачыць тысячы вернікаў, якія прымалі ўдзел у сустрэчы з ім.
Папамабіль быў аснашчаны аўтаматычным кандыцыянерам, які забяспечваў адпаведную тэмпературу ў спякотныя дні. У 1981 г., пасля замаху на св. Яна Паўла ІІ, аўтамабіль быў узмоцнены бранёй і спецыяльным куленепрабівальным шклом.
19 ліпеня 2020, 12:46