Ватыканскі іерарх: пандэмія павінна стаць імпульсам для свету
“Сёння мы са смуткам канстатуем, што па прычыне неразважлівасці, з якой эканоміка і палітыка, выключна для задавальнення прыватных інтарэсаў, знішчылі створаны свет, прапануючы недапушчальныя спосабы жыцця, свет не мог не ўзбунтавацца супраць гэтай нерацыянальнай эксплуатацыі з боку чалавека. У гэтым сэнсе пандэміі – гэта трагедыя, але, адначасова, надзвычайная магчымасць для пераасэнсавання развіцця, адносін і сэнсу жыцця”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю Vatican News.
Арцыбіскуп прыгадаў, што чалавек уразлівы і слабы, а выпрабаванне пандэміяй каронавіруса з’яўляецца моцным штуршком, які можа стаць карысным для ўсяго свету, каб не дапусціць іншых трагедый на планеце.
Старшыня Папскай акадэміі жыцця звярнуў увагу на небяспекі, звязаныя з развіццём тэхналогій, якія садзейнічаюць працэсу дэгуманізацыі. “Сёння існуе больш пагроз, чым у мінулым. Менавіта развіццё тэхнанавук і канвергентных тэхналогій дазваляе радыкальным чынам умешвацца ў жыццё людзей. У гісторыі гэта адбываецца ўпершыню”, - сказаў ён.
Паводле іерарха, такая сітуацыя ставіць пад сумнеў паняцце “натуральны”, бо не зразумела, што можа называцца “натуральным”, калі біятэхналогіі могуць умешвацца ў геном, уплываць на нараджэнне і смерць чалавека.
Арцыбіскуп Вінчэнца Палья нагадаў, што развіццю тэхналогій, на жаль, не спадарожнічае прапарцыянальнае развіццё этыкі і гуманізму. У наш час як ніколі раней існуе патрэба ў дыялогу паміж гэтымі сферамі: паміж навукай, тэхнікай, гуманізмам і верай. Мэта гэтага: не дазволіць прынізіць чалавека да ўзроўню інструмента, а паставіць яго ў цэнтр жыцця, палітыкі, эканомікі і тэхнічнага прагрэсу.