Святы Пасад нагадаў пра непарушнасць формулы хросту
Дакумент “Аб змяненні сакрамэнтальнай формулы хросту”, зацверджаны папам Францішкам 8 чэрвеня 2020 г. і афіцыйна абнародаваны 6 жніўня 2020 г., быў распрацаваны ў адказ на звесткі пра выпадкі ўжывання падчас хросту змененай формулы, накшталт “Мы цябе хрысцім у імя Айца і Сына, і Духа Святога” або “Ад імя таты і мамы, хроснага і хроснай, дзядуль і бабуль, родных, сяброў, ад імя супольнасці мы цябе хрысцім у імя Айца і Сына, і Духа Святога”.
У дакуменце адзначаецца, што “наўмыснае змяненне сакрамэнтальнай формулы” тлумачылася жаданнем “падкрэсліць аб’яднальную каштоўнасць хросту, паказаць удзел сям’і і прысутных і пазбегнуць ідэі сканцэнтравання сакрамэнтальнай улады ў асобе святара, на шкоду бацькоў і супольнасці”. Мела месца і душпастырскае абгрунтаванне “сумніўнага характару”, якое “часта хавала, нават і несвядома, схільнасць да суб’ектывізму і жаданне маніпулявання”.
На самой жа справе, нагадвае дакумент, спасылаючыся на Канстытуцыю аб святой Літургіі “Sacrosantum Concilium” Другога Ватыканскага Сабору, “калі нехта ўдзяляе хрост, то хрысціць сам Хрыстус” (SC 7), гэта Ён з’яўляецца “галоўнай Асобай дзеяння, якое цэлебруецца”. Канешне, у цэлебрацыі “бацькі, хросныя і ўся супольнасць пакліканы выконваць актыўную ролю, сапраўдную літургічную паслугу”, аднак гэта, згодна з саборным дакументам, падразумявае, што “кожны, духоўны ці свецкі, выконваючы свой абавязак, павінен рабіць выключна і цалкам тое, што датычыць яго паводле самой прыроды прадмета і літургічных нормаў (SC 28)”.
“Змяненне па ўласнай ініцыятыве формы ўдзялення сакрамэнту з’яўляецца не проста літургічным злоўжываннем, як у выпадку парушэння зацверджанай нормы, але ранай, нанесенай адначасова касцёльнай супольнасці і распазнавальнасці дзеяння Хрыста, што ў найбольш сур’ёзных выпадках робіць несапраўдным сам сакрамэнт, таму што прырода літургічнага дзеяння патрабуе вернай перадачы таго, што было атрымана”, перасцерагае Кангрэгацыя Веравучэння.
Падчас удзялення сакрамэнтаў супольнасць вернікаў дзейнічае “не калегіяльна”, але “міністэрыяльна”, “паколькі ніводная група не можа быць сама па сабе Касцёлам, але становіцца Касцёлам дзякуючы пакліканню, якое не можа ўзнікнуць унутры самой супольнасці”.
У гэтым святле “трэба разумець трыдэнцкі наказ адносна неабходнасці таго, каб духоўная асоба мела намер здзейсніць тое, што здзяйсняе Касцёл: намер, які не можа заставацца “толькі на ўнутраным узроўні”, падлягаючы рызыцы суб’ектывізму, але выяўляецца таксама ў “знешнім дзеянні”, якое ажыццяўляецца “не ад уласнага імя, але ў асобе Хрыста”, тлумачыць дакумент.
Падкрэсліваецца, што скажаць сакрамэнтальную формулу – значыць не разумець саму прыроду касцёльнага служэння, якое заўсёды ёсць службай Богу і Яго народу. “Такім чынам, у кожным распарадчыку хросту павінны быць укаранёныя не толькі ўсведамленне абавязку дзейнічаць у касцёльным адзінстве, але і перакананасць, характэрная, паводле св. Аўгустына, Прадвесніку, які “зразумеў, што ў Хрысце заключана такая ўласцівасць, якая чыніць, што, нягледзячы на мноства служыцеляў, святых або грэшнікаў, якія ўдзяляюць хрост, святасць хросту суадносіцца выключна з Тым, пра якога было сказана: “Той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым” (Ян 1, 33)”.
Такім чынам, распарадчык хросту не толькі не мае паўнамоцтваў выкарыстоўваць сакрамэнтальную формулу па ўласным меркаванні, але таксама не можа казаць, што ўдзяляе сакрамэнт ад імя бацькоў, родных, сяброў ці ўсёй супольнасці вернікаў.
У 2008 г. Кангрэгацыя Веравучэння ўжо адказвала на два пытанні адносна сапраўднасці абрадаў хросту, праведзеных з выкарыстаннем адвольна змененых формул: “Я хрышчу цябе ў імя Стварыцеля і Адкупіцеля, і Асвяціцеля” і “Я хрышчу цябе ў імя Стварыцеля і Вызваліцеля, і Суцяшальніка”.
Пазіцыя Кангрэгацыі была нязменнай: такі хрост з’яўляецца несапраўдным, а ўсе ахрышчаныя паводле такіх формул павінны паўтарыць абрад паводле літургічных норм.