Святы Пасад: сям’я – вядучая сіла здаровай эканамічнай сістэмы
Габрыэла Гамбіна звярнулася з адмысловым відэапасланнем да арганізатараў і ўдзельнікаў тэматычнага форума “Палітыка для шчасця” – анлайн-сустрэчы, якая стала часткай падрыхтоўкі да міжнароднай сустрэчы ў італьянскім Асізі на тэму “Эканоміка Францішка”, запланаванай на 19-21 лістапада 2020 г.
У сваім звароце ватыканскі эксперт падкрэсліла важнасць агульнага дабра, якое трэба разумець не як “сукупнасць спецыфічных дабротаў” кожнага асобнага чалавека, але як тое, што можна дасягнуць, памножыць і захаваць толькі разам. Гэта “не мэта сама па сабе”, але ўмова, неабходная для “поўнай рэалізацыі” чалавека, а значыць, не можа зводзіцца да звычайнага сацыяльна-эканамічнага дабрабыту.
Капіталістычная эканоміка, зазначыла Гамбіна, накіравана на памнажэнне прыбытку і не вядзе “ні да шчасця асобных людзей, ні да ўсеагульнага дабрабыту”, не гарантуе “ўсебаковага чалавечага развіцця і сацыяльнай інклюзіі”. Яна пакідае ззаду “бедных, маргіналізаваных і тых, хто ўжо даўно знаходзіцца ў складанай сітуацыі”.
Сям’я – гэта “не ноша і не выдаткі, але галоўны рухавік, здольны нараджаць стабільнасць, бяспеку, велікадушныя, салідарныя і бескарыслівыя паводзіны, якія могуць станоўча жывіць эканамічную сістэму”, - заключыла Габрыэла Гамбіна.
Яна заклікала ўдзельнікаў форуму “Палітыка для шчасця” сумесна ствараць прастору для сустрэчы, у якой пануе давер і празрыстасць, дзе кіруючымі прынцыпамі з’яўляюцца “дзяленне, салідарнасць і адзінства”.