Кардынал-прэфект: патрэбны цэласны погляд на невылечна хворых
Кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр пракаментаваў для “Vatican News” новы дакумент, падрыхтаваны дыкастэрыяй. Паводле іерарха, гаворка ідзе пра важнае пасланне перад абліччам распаўсюджвання норм і законаў, якія тычацца легалізацыі эўтаназіі і суіцыдальнай смерці з урачэбнай дапамогай.
Праца над лістом пачалася пасля завяршэння пленарнай сесіі Кангрэгацыі Веравучэння ў 2018 г., прысвечанай дактрынальным і душпастырскім пытанням суправаджэння хворых у крытычнай і тэрмінальнай фазах жыцця. Удзельнікі сустрэчы палічылі патрэбным стварэнне дакумента на гэтую тэму, які меў бы душпастырскі характар, быў напісаны зразумелай мовай і адпавядаў дасягненням у медыцынскай сферы.
Аўтары “Samaritanus bonus” разглядаюць пытанні суправаджэння і клопату пра хворых з тэалагічнага і антрапалагічнага пункту гледжання, засяроджваючы ўвагу на важных этычных праблемах, сярод якіх свабода сумлення.
У новым дакуменце падкрэсліваецца, што клопат пра хворых не можа быць абмежаваны выключна медыцынскай і псіхалагічнай дапамогай, але патрабуе аказання падтрымкі таксама на духоўным узроўні. Для гэтага неабходна цэласнае бачанне чалавека і такі ж падыход да яго лячэння.