Клапаціцца пра хворых, каб зразумець, што такое любоў
“Невылечны” не з’яўляецца сінонімам “пакінутага без лячэння” – гэта ключ для разумення ліста “Samaritanus bonus” Кангрэгацыі Веравучэння, прысвечанага клопату пра чалавека ў крытычнай і тэрмінальнай стадыі жыцця, - падкрэсліў Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News.
У свеце існуе разгубленасць адносна шырокараспаўсюджаных адносін да чалавечага жыцця, а публічныя дэбаты на гэтую тэму часта абумоўлены асобнымі выпадкамі.
Ліст “Samaritanus bonus” не ўносіць нешта кардынальна новае: Настаўніцкі Інстытут Касцёла, неаднаразова выказваў сваё “не” усім формам эўтаназіі і медыкаментознага суіцыду, а таксама тлумачыў, што харчаванне і гідратацыя – жыццёва важная падтрымка, якой трэба забяспечыць хворых. Касцёл таксама ўжо выказваўся пра так званую “празмерную тэрапеўтычную настойлівасць”, бо з набліжэннем смерці, якой немагчыма пазбегнуць, “дазваляецца прыняць рашэнне аб адмаўленні ад лячэння, вынікам якога быў бы выключна нестабільны і поўны болю працяг жыцця”.
Новым у Дакуменце з’яўляюцца душпастырскія рэкамендацыі па суправаджэнні хворых, якія знаходзяцца на апошнім этапе свайго жыцця: абавязак клопату пра гэтых людзей ніколі не можа зводзіцца выключна да медыцынскай дапамогі: патрэбныя любоў, прысутнасць, адпаведнае і прапарцыянальнае лячэнне і духоўная падтрымка. Важнай тут з’яўляецца сям’я, якая “патрабуе дапамогі і адпаведных сродкаў” ад дзяржавы.
“Samaritanus bonus” нагадвае нам пра драму шматлікіх людзей, гісторыі якіх дыскутуюцца ў СМІ, дапамагае нам паглядзець на сведчанні тых, хто пакутуе, і тых, хто пра іх клапоціцца, на шматлікія сведчанні любові, самаахвярнасці, прысвячэння сябе невылечна хворым ці людзям з працяглай адсутнасцю свядомасці, якія атрымліваюць дапамогу ад маці ці таты, дзяцей ці ўнукаў. Гаворка ідзе пра штодзённы досвед, які перажываецца ў цішыні, часта з пераадоленнем тысяч цяжкасцей.
Тарніелі прывёў расповед кардынала Анджэла Сколы пра яго сустрэчу з мужчынам, у якога памёр сын-інвалід. Гэты чалавек на працягу трыццаці гадоў даглядаў за сваім дзіцём, пакідаючы яго толькі адзін раз у тыдзень: раніцай у нядзелю, каб схадзіць на св. Імшу. “Бог узнагародзіць цябе”, - прамармытаў я разгублена, прызнаўся іерарх. А мужчына адказаў мне з шчырай усмешкай: “Я ўжо атрымаў ад Пана ўсё, бо Ён дазволіў мне зразумець, што значыць любіць”.