Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: унутраныя мігранты – сіла для перамен

З нагоды 106-га Сусветнага дня мігранта і бежанца, які будзе адзначацца 27 верасня 2020 г., кардынал Майкл Чэрны заклікаў да больш шырокага супрацоўніцтва на карысць людзей, вымушаных пакінуць Радзіму.

Іерарх узяў слова падчас анлайн-канферэнцыі на тэму “Як Езус Хрыстус, вымушаныя ўцякаць”. Яна была арганізавана Езуіцкай службай дапамогі мігрантам (JRS) і Міжнародным аб’яднаннем генеральных настаяцелей (UISG) у супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Падсакратар гэтай ватыканскай структуры заўважыў, што “абяздоленыя даюць нам магчымасць убачыць схаваны бок чалавечнасці і паглыбіць наша разуменне складанасці гэтага свету”. Праз іх мы закліканы сустрэць Пана, “нават калі нашым вачам цяжка Яго распазнаць”.

Спасылаючыся на пасланне Святога Айца з нагоды Сусветнага дня мігранта і бежанца, прысвечанае сёлета сітуацыі ўнутраных мігрантаў, кардынал Чэрны заклікаў атуліць клопатам людзей, якія спазналі нястачу, занядбанасць, выключэнне і адчужэнне, у тым ліку па прычыне пандэміі COVID-19.

Іерарх нагадаў, што ў 2018 г. Папа прапанаваў адказаць на міграцыйны крызіс, кіруючыся прынцыпамі, выражанымі чатырма дзеясловамі: прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць. Таксама сёлета Пантыфік падкрэслівае, што для зразумення іншага, трэба яго пазнаць; для служэння, трэба стаць блізкім; для прымірэння, трэба выслухаць; для ўласнага росту, трэба дзяліцца з іншымі; для падтрымкі людзей, трэба іх заахвочваць; для супрацоўніцтва, трэба будаваць. Усё гэта, па словах ватыканскага іерарха, неабходна для ўзнікнення новых форм гасціннасці, братэрства і салідарнасці.

Кардынал Чэрны звярнуў увагу на важнасць супрацоўніцтва ўнутры Касцёла ў ініцыятывах на карысць унутраных мігрантаў, а таксама заахвоціў уключаць людзей, вымушаных пакідаць родныя мясціны, у праекты, якія тычацца іх лёсу.

Паводле падсакратара Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, рашучасць, кампетэнтнасць і здольнасці, з якімі ўнутраныя бежанцы адбудоўваюць сваё жыццё, могуць дапамагчы грамадству, якое іх прымае, стаць лепшым. “Унутраныя мігранты здольныя стаць карыснай сілай для перамен”, а дапамога ў іх інтэграцыі паспрыяе мірнаму суіснаванню, спакою, бяспецы і развіццю, - лічыць кардынал Майкл Чэрны.

24 верасня 2020, 11:48