Бачыць у іншых братоў і сясцёр, каб збавіць сябе і свет
Нягледзячы на трыванне фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны, панаванне логікі прыбытку, культуры адчужэння, ігнараванне крыку галодных людзей, ёсць тыя, хто не скараецца перад наступленнем цемры, працягвае марыць, спадзявацца, будаваць братэрства і сацыяльнае сяброўства без страху запэцкаць рукі, - зазначыў Андрэа Тарніелі.
Сацыяльнай энцыклікай Fratelli tutti Францішак паказвае канкрэтны шлях для дасягнення гэтай мэты: заклікае прызнаць сябе братамі і сёстрамі; стаць абаронцамі для бліжняга; усвядоміць, што мы ўсе знаходзімся ў адным чоўне, як паказала пандэмія. Гэта шлях да таго, каб не скарыцца перад меркаваннем, што “чалавек чалавеку – воўк”, не ўзводзіць новыя муры, не паддавацца спакусе самаізаляцыі, але глядзець на евангельскі вобраз Добрага Самараніна, вельмі актуальны, але адсутны ў медыйнай прасторы.
Тарніелі заўважыў, што заклік да братэрства, скіраваны Папам, можа быць прыняты, зразуметы, можа падзяляцца людзьмі іншых веравызнанняў, а таксама тымі, якія не вераць у Бога.
Асновай для энцыклікі стаў Дакумент на тэму братэрства паміж людзьмі, які Пантыфік падпісаў разам Вялікім імамам Аль-Азхар Ахмедам Эль Таебам у лютым 2019 г. у Абу-Дабі. Менавіта спасылаючыся на гэту дэкларацыю, Францішак заклікае прыняць дыялог у якасці шляху, супрацоўніцтва – у якасці вобразу дзеянняў, а ўзаемнае пазнанне – у якасці метаду і крытэрыю, - падкрэсліў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
Андрэа Тарніелі зазначыў, што важнае значэнне ў энцыкліцы маюць часткі, прысвечаныя праблеме вайны і смяротнага пакарання. Папа ставіць пад сумнеў актуальнасць канцэпцыі “справядлівай вайны”, а таксама кажа пра неапраўданасць выкарыстання пакарання смерцю, якое павінна быць адменена ва ўсім свеце.
Святы Айцец звяртае ўвагу на аслабленне пачуцця прыналежнасці да адзінай чалавечай сям’і, а таксама на ўспрыманне як утопію жадання будаваць справядлівасць і мір. “Але ёсць вялікая патрэба ў тым, каб зноў пачаць марыць, а ў першую чаргу, разам спаўняць гэту мару, пакуль не позна”, - завяршыў сваё разважанне галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.