Бібліятэка Ватыкана прысвяціла штодзённік на 2021 год жанчынам
Яго змест і афармленне будуць сканцэнтраваны на постаці жанчыны ў літаратурным свеце, на яе ролі і значэнні як будаўніка і ахоўніцы бібліятэк, на жывой прысутнасці жанчыны ў мастацкіх і іконаграфічных дакументах Ватыканскай бібліятэкі.
На старонках штодзённіка можна будзе ўбачыць, між іншым, вобраз Марыі з кнігай у руках. Першая іконаграфічная выява Божай Маці, якая трымае ў руках кнігу, адносіцца да IX ст. У далейшым мастакі яшчэ не раз звярталіся да гэтага матыву ў сваіх творах.
Як падкрэсліў кардынал Жозэ Таленціну Мендонса ў прадмове да штодзённіка, “важна не толькі ведаць, якую кнігу чытала Марыя ў вырашальны момант Звеставання. Важна ўсвядоміць, як кніга ў гэтай сцэне спрыяе духоўнаму досведу: досведу слухання і ведаў, які надае новыя абрысы свету, пачынаючы з унутранага свету кожнага чытача. Немагчыма расказаць гісторыю Папскай Бібліятэкі, не праліўшы святло на шлях жанчын: пісьменніц, мастачак, тэолагаў, актыўных удзельніц жыцця Касцёла, жанчын-мецэнатаў, стваральніц, жанчын навукі і культуры. Так ёсць і сёння. Дастаткова падумаць, што больш за палову працоўнага калектыву, які забяспечвае функцыянаванне Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі, складаюць жанчыны”.
Штогод Бібліятэка выдае штодзённік у двух фарматах, і кожны раз выданне прысвячаецца пэўнай актуальнай на бягучы час тэме: падбіраюцца адпаведныя цытаты і выявы з дакументаў, што захоўваюцца ў яе архівах.