Дзяржсакратар: хрысціяне павінны быць душой Еўропы
Дзяржсакратар Яго Святасці Папы заўважыў, што ва ўмовах пандэміі Касцёл у Еўропе пакліканы з большым запалам выконваць сваю місію і несці пасланне веры, адзінства, салідарнасці і надзеі.
Іерарх нагадаў, што Касцёл заўсёды рознымі спосабамі падтрымліваў праект еўраінтэграцыі: ад абвяшчэння святых нябесных апекуноў кантынента да візітаў Пантыфікаў у структуры Еўрасаюза.
Паводле кардынала Параліна, важным крокам стала стварэнне ў 1980 г. Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці, пакліканай суправаджаць палітычныя працэсы Еўрапейскага Саюза ў сферах, якія ўяўляюць цікавасць для Касцёла, і трансліраваць меркаванне епіскапатаў адносна працэсу еўрапейскай інтэграцыі.
Паводле Францішка, Еўропа павінна быць сяброўскай у адносінах да чалавека, павінна быць як сям’я і супольнасць, салідарнай і шчодрай, мець здаровую свецкасць. Яна стане такой, калі будзе “любіць асобу ў яе праўдзе і цэласнасці і, асабліва, паважаць яе трансцэндэнтную годнасць”. Гэта дапаможа ў належнай інтэрпрэтацыі і ацэнцы заканадаўчых прапаноў і дасць арыенцір палітыкам, - лічыць кардынал Паралін.
“Сярод прынцыпаў і каштоўнасцей асаблівае значэнне мае прызнанне святой і недатыкальнай годнасці кожнага чалавечага жыцця, ад яго зачацця да натуральнага заканчэння, да чаго фундаментальна важна далучыць абарону і падтрымку інстытута сям’і, сапраўднай ячэйкі грамадства, заснаванай на непарыўным саюзе мужчыны і жанчыны”, - падкрэсліў іерарх.
“Асоба і супольнасць – гэта фундамент Еўропы, якую мы, як хрысціян, хочам і можам дапамагаць будаваць”, - падкрэсліў кардынал. Ён заклікаў дэманстраваць гуманізм, які вынікае з Евангелля, сведчыць любоў, асабліва да людзей, што знаходзяцца ў складанай сітуацыі: жанчын, якія перажываюць драму непажаданай цяжарнасці; хворых, якія больш не могуць несці цяжар пакут; мігрантаў, якія часта становяцца ахвярамі гандляроў людзьмі.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы заклікаў COMECE супрацоўнічаць з Еўрапейскім Саюзам у пераадоленні санітарных, сацыяльных, эканамічных і гуманітарных наступстваў пандэміі, спрыяць салідарнасці паміж народамі, перагляду заканадаўства аб мігрантах, абароне навакольнага асяроддзя.
Кардынал Паралін звярнуў увагу на выклікі звязаныя з пашырэннем лічбавай сферы, а таксама заклікаў Еўрасаюз да палітычнай увагі ў адносінах да краін-суседзяў і афрыканскага кантынента.
Дзяржсакратар лічыць, што важную ролю ў пераасэнсаванні тоеснасці і каштоўнасці Еўропы ў святле яе новых выклікаў і патрэб магла б адыграць Канферэнцыя аб будучыні Еўропы, арганізаваная Еўрапейскім парламентам, Саветам Еўропы і Камісіяй Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці.