Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар пра галоўныя для ватыканскай дыпламатыі пытанні

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін пракаментаваў актуальныя выклікі, якія стаяць перад ватыканскай дыпламатыяй: дамова з Кітаем, сітуацыя ў Сірыі і расследаванне незаконных фінансавых аперацый.

21 кастрычніка 2020 г. бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца прыняў удзел ва ўрачыстасці надання Патрыярху Канстантынопальскаму Барталамею І тытула ганаровага доктара Папскага ўніверсітэта Антоніянум. Пасля цырымоніі ён адказаў на пытанні журналістаў.

Каментуючы падпісанне пагаднення аб прадаўжэнні дзеяння Часовай дамовы аб прызначэнні біскупаў з Кітайскай Народнай Рэспублікай, іерарх выказаў сваё задавальненне ходам перамоў. Ён таксама заўважыў, што дамова не вырашае ўсіх існуючых пытанняў.

Паводле кардынала Параліна, пакуль гаворка не ідзе пра ўстанаўленне дыпламатычных адносін з Кітаем, а дзейнасць ватыканскай дыпламатыі засяроджана на сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў гэтай краіне, у прыватнасці на вырашэнні пытання з прызначэннем біскупаў.

“Мэта – гэта адзінства Касцёла. Мы дасягнулі галоўны вынік, якім з’яўляецца той факт, што ўсе біскупы ў Кітаі знаходзяцца ў адзінстве Папам. Цяпер не існуе нелегітымных біскупаў, і гэта, на маю думку, значны крок наперад. Адсюль трэба зыходзіць, і потым, крок за крокам, прыйсці да нармалізацыі сітуацыі Касцёла ў Кітаі”, - лічыць Дзяржсакратар.

Адказваючы на пытанне пра вайну ў Сірыі, кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду нагадаў словы кардынала Марыё Дзэнары, Апостальскага нунцыя ў гэтай краіне, пра “бомбу галечы”, якая абрынулася на 80% насельніцтва. Дзяржсакратар зазначыў, што крайняя беднасць стала неадкладнай праблемай Сірыі, і пажадаў, каб яна была вырашана пры актыўным удзеле міжнароднай супольнасці.

Гаворачы пра расследаванне незаконнай фінансавай дзейнасці ў ватыканскіх структурах, іерарх выказаў глыбокую засмучанасць у сувязі з існаваннем фактаў злоўжыванняў. Ён нагадаў усходнюю прымаўку пра тое, што адно дрэва якое падае, робіць больш шуму, чым цэлы лес, які працягвае расці. “У Касцёле лес расце, гэта значыць, што Касцёл робіць шмат дабра людзям і, магчыма, мы не павінны засяроджвацца толькі за зле, якое, на жаль, існуе, як і ў кожнай чалавечай рэчаіснасці”, - выказаў свой погляд на сітуацыю Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Каментуючы наданне Барталамею І тытула ганаровага доктара, кардынал Паралін нагадаў пра вялікі ўклад Патрыярха ў спрыянне ахове навакольнага асяроддзя і развіццё экуменічнага дыялогу.
 

22 кастрычніка 2020, 12:55