Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар: свабода рэлігіі – права на пошук праўды

Абарона рэлігійнай свабоды – адметная рыса ватыканскай дыпламатыі, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін падчас сімпозіума, арганізаванага пасольствам ЗША пры Апостальскай Сталіцы.

Форум прайшоў 30 верасня 2020 г. у Рыме на тэму: “Падтрымліваць і абараняць рэлігійную свабоду на міжнародным узроўні з дапамогай дыпламатыі”.

Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы заўважыў, што рэлігійная свабода і права на жыццё з’яўляюцца фундаментам усіх іншых правоў чалавека. “Калі парушаецца гэта права, ставіцца пад пытанне магчымасць карыстацца ўсімі правамі”, - сцвердзіў ён.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на блізкую сувязь паміж свабодай сумлення і свабодай рэлігіі, дзякуючы чаму людзі могуць адкрываць для сябе закон, які “не далі самі сабе”, але якому “павінны быць паслухмяныя”.

Грубае парушэнне рэлігійнай свабоды ў нашу эпоху грунтуецца на кепскім разуменні чалавечай свабоды. Нецярпімасць праяўляецца не толькі ў стварэнні перашкод для вызнання рэлігіі, але і ў свайго роду “паліткарэктнасці”, нецярпімай да рэлігійных перакананняў людзей, - зазначыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

“Калі найвышэйшым дабром, да якога трэба імкнуцца, з’яўляецца ліквідацыя ўсіх перашкод для свабоды выбару індывідуума, што вядзе да неабмежаванай нічым асабістай свабоды, пад пагрозай апынаецца агульнае дабро. Такі від свабоды, заснаваны на ўласным “я”, а не на Творцы, не мае на мэце дабро іншага”, - папярэдзіў Дзяржсакратар Яго Святасці.

Кардынал Паралін заўважыў, што рэлігійная свабода з’яўляецца не толькі “свабодай ад прыгнёту”, але, у першую чаргу, “свабодай у пошуку праўды”. Гаворка ідзе пра свабоду адкрыцця “фундаментальнай праўды пра ўласнае існаванне, уласнае паходжанне і ўласны лёс”. Гэта “інструмент”, які трэба гарантаваць вернікам.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы адказаў на пытанні журналістаў, адно з якіх тычылася адносін з Кітаем. Ён падкрэсліў, што Святы Пасад верыць у палітыку “малых крокаў” і назваў важнай вяхой на шляху да рэлігійнай свабоды ў гэтай краіне пагадненне аб прызначэнні біскупаў.

Акрамя кардынала Параліна ў форуме па рэлігійнай свабодзе прыняў удзел Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа і Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
 

01 кастрычніка 2020, 12:16