Фінансы Святога Пасаду ў 2019 г.: дэфіцыт – 11 мільёнаў еўра
Эканоміка Святога Пасаду павінна быць максімальна празрыстай, - падкрэсліў у інтэрв’ю Vatican News прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях, кс. Хуан Антоніа Герэра. “Вернікі павінны ведаць як трацяцца рэсурсы. Мы з’яўляемся не ўласнікамі, але распарадчыкамі атрыманых рэсурсаў. Прадстаўляючы справаздачу за 2019 г. мы жадаем патлумачыць вернікам, якія рэсурсы мае Рымская курыя, адкуль яны паходзяць і як выкарыстоўваюцца”, - сказаў святар.
Прэфект зазначыў, што ў справаздачу не ўключаны бюджэт Дзяржавы Ватыкан. Дакумент тычыцца выключна дзейнасці Рымскай курыі – шасцідзесяці ўстаноў Апостальскай Сталіцы, якія дапамагаюць Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.
Кс. Герэра заўважыў, што бюджэт Апостальскай Сталіцы параўнальна невялікі. Паводле яго, некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы ў ЗША маюць нашмат большыя фінансавыя абароты, чым усе структуры Рымскай курыі ўзятыя разам.
Прыводзячы канкрэтныя лічбы, святар адзначыў, што на працягу 2019 г. 54% паступленняў (164 мільёна еўра) былі атрыманы ад кіравання маёмасцю. Іншыя 14% (44 мільёна еўра) прынесла камерцыйная дзейнасць, напрыклад, продаж прадукцыі Дыкастэрыі па камунікацыі і Ватыканскага выдавецтва, плата за навучанне ў папскіх ВНУ і продаж білетаў у рымскія катакомбы. Яшчэ каля 14% (43 мільёна еўра) паступіла ад Інстытута рэлігійных спраў – Ватыканскага банка, Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, базылікі св. Пятра. Ахвяраванні дыяцэзій і вернікаў склалі каля 56 мільёнаў еўра ці 18% бюджэту.
Выдаткі Рымскай курыі прэфект падзяліў на тры групы: утрыманне маёмасці, у тым ліку аплата падаткаў, складае каля 21% бюджэту; адміністрацыйныя выдаткі паглынаюць каля 14%; выдаткі на місію – каля 65%.
Кс. Герэра распавёў, што на ўтрыманне 125 нунцыятур і пастаянных місій у свеце траціцца каля 43 мільёнаў еўра, а на працу шматмоўных ватыканскіх СМІ – 45 мільёнаў еўра. Ён падкрэсліў, што не здолеў знайсці ў свеце настолькі эканомнага выкарыстання рэсурсаў для настолькі шырокай дзейнасці.
Святар звярнуў увагу на мадэрнізацыю камунікацыйнай сістэмы Апостальскай Сталіцы, якая дазволіла зменшыць выдаткі, а таксама нагадаў, што фінансавых рэсурсаў патрабуюць Ватыканскія бібліятэка і архіў, а таксама Бюро раскопак, якія ахоўваюць не толькі касцёльную, але агульначалавечую спадчыну.
Аптымістычным прэфект лічыць значнае змяншэнне дэфіцыту бюджэту: калі ў 2018 г. ён складаў каля 75 мільёнаў еўра, то ў 2019 г. сума зменшылася практычна ў сем разоў.