Кардынал Паралін: прыбытак – згубны для чалавечнасці арыенцір
3 кастрычніка 2020 г. – заключны дзень працы спецыялістаў Moneyval (Камітэта экспертаў Савета Еўропы па ацэнцы мер барацьбы з адмываннем грошай). Напярэдадні з імі сустрэўся Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал П’етра Паралін.
У сваёй прамове іерарх нагадаў пра спецыфічную прыроду Святога Пасаду як дзяржавы, “якая мае звышнатуральную мэту” і распаўсюджвае пасланне для ўсяго чалавецтва, становячыся голасам “бедных, абяздоленых, церпячых, тых, хто прагне справядлівасці, годнага жыцця, свабоды, дабрабыту і развіцця”.
Ён падкрэсліў, што “голас Папы гучыць моцна ў падтрымку справядлівасці і міру і супраць усяго таго, што прыгнятае чалавечую асобу ў яе годнасці і фундаментальных правах”, і заўважыў, што “Святы Пасад, згодна са сваёй духоўнай місіяй, павінен ажыўляць агульныя намаганні па будаўніцтве цывілізацыі любові, заснаванай на ўніверсальных каштоўнасцях міру, салідарнасці, справядлівасці і свабоды”.
“У барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму наша ўнутраная сістэма надае важную ролю Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду, якое выконвае наглядную і рэгулюючую функцыі, а таксама функцыю фінансавай разведкі ў гэтай спецыфічнай сферы”, - заўважыў іерарх.
Ён нагадаў, што з нядаўняга часу нават некамерцыйныя і дабрачынныя арганізацыі, а таксама кананічныя і грамадзянскія юрыдычныя асобы, зарэгістраваныя ў Дзяржаве Ватыкан, абавязаны паведамляць Бюро фінансавай інфармацыі пра любую дзейнасць, адносна якой існуе падазрэнне ў адмыванні грошай або фінансаванні тэрарызму.
Той факт, што сродкі, якімі распараджаюцца Святы Пасад і Дзяржава Ватыкан, прызначаны пераважна на рэлігійныя і дабрачынныя мэты, не адмаўляе неабходнасці ў прыняцці мер абароны ад незаконных фінансавых аперацый. Больш за тое, гэта абавязвае надаваць асаблівую ўвагу этычнаму вымярэнню інвестыцыйнай дзейнасці, - выказаў перакананне кардынал Дзяржсакратар.
, - сцвердзіў іерарх.
Ён падзякаваў еўрапейскім фінансавым інспектарам за іх працу, якая “дапамагае ацэньваць кожнае эканамічнае і фінансавае рашэнне з пункту гледжання яго накіраванасці на ўсеагульнае дабро”.
Інспектары Moneyval (Камітэта экспертаў Савета Еўропы па ацэнцы мер барацьбы з адмываннем грошай) прыбылі ў Ватыкан 30 верасня 2020 г. у рамках 5-га раўнда экспертызы, узгодненага яшчэ ў 2019 г. Спецыялістамі была праведзена ацэнка эфектыўнасці заканадаўчых і інстытуцыйных мер, прынятых Святым Пасадам і Ватыканам у апошнія гады з мэтай прадухілення адмывання грошай і фінансавання тэрарызму.