Fratelli tutti – стымул у барацьбе з пакараннем смерцю
У інтэрв’ю Vatican News з нагоды Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаўся 10 кастрычніка, арцыбіскуп Іван Юркавіч заўважыў, што ў падыходзе да гэтай з’явы, як і да іншых аспектаў грамадскага жыцця, існуе два вымярэнні: этычнае і прававое. Яны заўсёды павінны быць злучаны між сабой, але ў многіх краінах назіраецца тэндэнцыя раздзяляць іх. Міласэрнасць павінна спадарожнічаць справядлівасці, - падкрэсліў іерарх.
Паводле ватыканскага дыпламата, усё больш людзей разумее, асабліва сярод моладзі, што знішчэнне чалавека – незалежна ад таго, па якой прычыне здзяйсняецца, і нягледзячы на здольнасць і гатоўнасць многіх забойцаў змяніцца – з’яўляецца тым, што цалкам выходзіць за рамкі логікі вяртання на нармальнага жыцця.
Арцыбіскуп Іван Юркавіч заўважыў, што бязлітаснасць і жорсткасць пакарання смерцю часта хаваецца ад людзей. “Гэта жудаснае пакаранне падносіцца нам стэрыльным, схаваным чынам, і магчыма, гэта і ёсць тое, што не дае нам магчымасці судзіць пра яго так, як належыць: адмоўна”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.
Выступаючы супраць смяротнага пакарання, Касцёл кіруецца евангельскім прынцыпам недатыкальнасці жыцця чалавека. “Гэта прынцып, які павінен быць пацверджаны і абаронены юрыдычна. Практычна ўсе краіны маюць сродкі для выкарыстання альтэрнатыўных форм пакаранняў: мы павінны сур’ёзна і з перакананасцю прасоўваюць гэту пазіцыю”, - сказаў арцыбіскуп Юркавіч.
На думку ватыканскага дыпламата, любоў павінна стаць адным з неабходных аспектаў сацыяльнага жыцця. “Трэба ведаць, што прабачэнне, любоў і міласэрнасць – гэта прынцыпы, якія павінны змяняць нас. Я думаю, што з часам, а таксама са сталеннем сумлення людзей, ростам агульнай адказнасці, мы зробім крокі наперад. Мы поўныя даверу і гатоўнасці, у тым ліку дзякуючы новай энцыкліцы, працягваць гэту барацьбу”, - сцвердзіў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.
У новай энцыкліцы “Fratelli tutti” праблеме смяротнага пакарання прысвечаны асобны раздзел. Францішак падкрэсліў, што яно з’яўляецца замахам на чалавечую годнасць, “падманлівай прапановай”, якая не вырашае праблем, і павінна быць забаронена ва ўсім свеце.