Паралін пра Fratelli tutti: братэрства ў міжнародных адносінах
Кардынал П’етра Паралін звярнуў увагу на неабходнасць выхавання культуры братэрства, метадам якой з’яўляецца дыялог, а мэтай – удасканаленне сусветнай арганізацыі. Ён адзначыў, што ў новым папскім дакуменце паняцце братэрства не зводзіцца да простага інструмента або жадання, але дзейнічае як культура, “якая павінна прымяняцца і да міжнародных адносін”.
Энцыкліка паказвае на важнасць інтэграцыі паміж краінамі, перавагу правілаў над сілай, развіццё і эканамічнае супрацоўніцтва і, перш за ўсё, выкарыстанне дыялогу, які разглядаецца як “магутная зброя”, што разбурае бар’еры сэрца і розуму, адкрывае прастору для прабачэння і спрыяе прымірэнню. Адсутнасць дыялогу вядзе да заняпаду міжнародных адносін і развівае канфрантацыю.
Тлумачачы мэту культуры братэрства, кардынал Дзяржсакратар сказаў, што аўтар энцыклікі апісаў яе як “узыходзячы шлях, пазначаны здаровай субсідыярнасцю, якая ахоплівае сямейнае, грамадскае і дзяржаўнае вымярэнні на карысць міжнароднай супольнасці”. Менавіта таму Папа падкрэслівае, што для таго, каб зрабіць братэрства інструментам міжнародных адносін, “неабходна не толькі развіваць духоўнасць братэрства, але і клапаціцца пра больш эфектыўную сусветную арганізацыю, якая дапаможа вырашыць надзённыя праблемы”.
Дзяржсакратар адзначыў, што ў сучасным міжнародным сцэнарыі існуе адкрытая супярэчнасць паміж агульным дабром і тэндэнцыяй да перавагі інтарэсаў дзяржаў. Гэта прамая супрацьлегласць братэрству, якое “ўводзіць ідэю агульных інтарэсаў, здольную пацвердзіць сапраўдную салідарнасць і пераўтварыць не толькі структуру міжнароднай супольнасці, але і дынаміку адносін у ёй”.
Прызнанне вяршэнства гэтых агульных інтарэсаў прыводзіць да таго, што суверэнітэт і незалежнасць кожнай дзяржавы перастаюць быць абсалютнымі і падпарадкоўвацца суверэнітэту закона, прызнаючы, што справядлівасць з’яўляецца неабходным патрабаваннем для рэалізацыі ідэалу агульнага братэрства.
Як падкрэсліў Дзяржсакратар, прыняцце культуры братэрства ў міжнародных адносінах таксама азначае супрацьстаянне тэндэнцыі адмовы ад шматбаковасці, якая сёння неабходная як ніколі, улічваючы “раздробленасць ідэй і рашэнняў”, што характарызуе сучаснае грамадства. Адмова ад шматбаковасці грунтуецца на чыста прагматычным падыходзе і ігнаруе не толькі прынцыпы і правілы, але і “крыкі аб дапамозе”, якія гучаць усё часцей.
Іерарх падкрэсліў, што сукупнасць індывідуальных інтарэсаў не зменіць свет да лепшага. Кіраўнікі дзяржаў, дыпламаты і тыя, хто працуе на карысць міру і развіцця павінны разумець, што братэрства ператварае міжнароднае жыццё з простага і вымушанага суіснавання ў вымярэнне, заснаванае на агульным разуменні гуманізму.
У гэтым вымярэнні прыярытэтам з’яўляюцца патрабаванні людзей, а інстытуцыйны апарат павінен не абслугоўваць канкрэтныя інтарэсы, а гарантаваць агульнае дабро для ўсіх.
У заключэнне Дзяржсакратар адзначыў, што праз культуру братэрства Францішак заклікае ўсіх любіць іншы народ як свой.