Пошук

Інстытут рэлігійных спраў - Ватыканскі банк. Ілюстрацыйнае фота Інстытут рэлігійных спраў - Ватыканскі банк. Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане ўмацаваны кантроль за фінансавымі патокамі

10 кастрычніка 2020 г. быў абнародаваны Дэкрэт кіраўніка Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, кардынала Джузэпэ Бэртэла, адносна змен у заканадаўства ў сферы фінансавай празрыстасці.

Гаворка ідзе пра мадыфікацыю Закона XVIII аб празрыстасці, кантролі і фінансавай інфармацыі, прынятага 8 кастрычніка 2013 г. Мэта новаўвядзенняў заключаецца ў тым, каб умацаваць механізмы нагляду за фінансавымі патокамі.

Як патлумачыў Vatican News старшыня Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, Кармэла Барбагала, Закон XVIII з’яўляецца асноватворным для сферы барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. Яго нормы пастаянна ўдасканальваюцца ў кантэксце міжнародных абавязкаў Апостальскай Сталіцы і прывядзення заканадаўства да высокіх міжнародных стандартаў.

У прыватнасці ватыканскія законы былі адаптаваны да V Дырэктывы Еўрапейскага Саюза па барацьбы з адмываннем грошай. Былі таксама ўдасканалены некаторыя нормы, якія тычацца IV Дырэктывы, - дадаў Барбагала.

Эксперт падзякаваў за супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы зменаў Дзяржаўнаму Сакратарыяту, Губернатарату Дзяржавы Ватыкан, Сакратарыяту па эканамічных пытанняў, а таксама супрацоўнікам Бюро фінансавай інфармацыі, якое ўзначальвае.

“Фінансавыя патокі, якія могуць прызначацца на добрую справу, часам могуць паходзіць ад нелегальнай дзейнасці, каб потым быць “адмытымі” ці накіраванымі на сеянне тэрору. Усведамленне патэнцыйных пагрозаў і слабых месцаў, эфектыўнасць кантролю, празрыстасць фінансавых рашэнняў дапамагаюць пазбегнуць рызыкаў, якія могуць абумоўліваць місійную і дабрачынную місію Каталіцкага Касцёла. Я перакананы, што змены, якія былі зроблены ў заканадаўстве, як і ўсе нормы, мадыфікаваныя цягам апошніх гадоў, могуць паказаць, не толькі ўнутраным, але і знешнім назіральнікам, рашучасць і прынцыповасць Касцёла у гэтых пытаннях”, - падкрэсліў Кармэла Барбагала.
 

10 кастрычніка 2020, 14:28