Ватыканскі кардынал: братэрства – лек для хворага свету
Іерарх назваў новы дакумент Папы “паваротным момантам у гісторыі Касцёла”. Ён звярнуў увагу на актуальнасць энцыклікі, якая з’явілася тады, калі чалавецтва перажывае асаблівы перыяд сваёй гісторыі, пазначаны падзеламі, войнамі, грамадскай раздробленасцю на розных узроўнях, недаверам да разнастайнасці.
У гэтым кантэксце Пантыфік падкрэслівае незаменнасць укладу рэлігійных лідараў і рэлігійных традыцый у будаванне братэрскага свету і сацыяльнага сяброўства, што павінна дапамагчы пераадолець праблемы. “Мы ўсе знаходзімся ў адным чоўне”, - нагадаў кардынал.
Старшыня Папскай рады звярнуў увагу на важнасць працы з моладдзю. “Для Францішка выхаванне з’яўляецца фундаментальным аспектам”, - падкрэсліў ён. У гэтым кантэксце іерарх нагадаў пра анлайн-канферэнцыю “Global Compact for Education”, якая пройдзе ў кастрычніку 2020 г.
“Мы хочам перадаць моладзі лепшы свет. Сённяшні свет – хворы, а лекам, які можа дапамагчы яму пераадолець гэты стан, з’яўляецца нішто іншае як агульначалавечае братэрства і сацыяльнае сяброўства. Гэта тычыцца не толькі вернікаў, але кожнага чалавека”, - пракаментаваў энцыкліку Fratelli tutti кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот.