Пошук

Францішак падпісвае энцыкліку Fratelli tutti Францішак падпісвае энцыкліку Fratelli tutti  

Папа ў сваіх энцыкліках раскрывае прычыны сусветнага крызісу

Не дастаткова толькі перажыць пандэмію. Неабходна, каб адбыліся змены, - падкрэсліў кардынал Майкл Чэрны, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Ватыканскі іерарх прыняў удзел у прэзентацыі новай энцыклікі Францішка Fratelli tutti, арганізаванай для студэнтаў папскіх універсітэтаў у Рыме. Ён заўважыў, што бедныя ва ўсім свеце хочуць не проста вярнуцца да таго стану, які быў да пачатку пандэміі, але чакаюць рашучых змен.

Спасылаючыся на сёлетнюю справаздачу міжнароднага аб’яднання Oxfam, кардынал падкрэсліў, што толькі кожная шостая краіна ў свеце вылучае належныя сродкі на сістэму аховы здароўя. Толькі трэцяя частка рабочых мае належныя сацыяльныя правы, а ў больш чым 100 краінах па меншай меры траціна работнікаў сацыяльна неабаронена.

Паводле кардынала Чэрны, вялікая заслуга Францішка заключаецца ў тым, што ў сваіх энцыкліках Laudato si’ і Fratelli tutti ён указаў на прычыны актуальнага крызісу, існаванне якога пандэмія прадэманстравала ў поўнай меры, яшчэ больш абвастрыўшы яго. Са з’яўленнем каронавіруса не толькі бедныя, але ўсе людзі адчулі крохкасць свайго жыцця.

“Мы ўсе апынуліся ў адным чоўне. Наша жыццё стала няпэўным, бо нашы паводзіны сведчаць не братэрства, а агрэсіўнасць у адносінах да бліжняга і навакольнага асяроддзя”, - сцвердзіў падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
 

21 лістапада 2020, 12:09