У Ватыкане пройдзе цырымонія перадачы сімвалаў Дзён моладзі
Маладыя панамцы, гаспадары папярэдняга форуму, перададуць Крыж і копію іконы Маці Божай Salus Populi Romani партугальскай моладзі – наступная сустрэча запланавана на 2023 г. у Лісабоне. У адпаведнасці з дзеючымі правіламі санітарнай бяспекі, сімвалічны абрад пройдзе ў прысутнасці невялікіх дэлегацый абедзвюх краін.
Драўляны крыж, які сёння называюць крыжам Сусветных дзён моладзі быў выраблены ў 1983 г. з нагоды Года Адкуплення, які праходзіў з 25 сакавіка 1983 г. па 22 красавіка 1984 г. Падчас цырымоніі адкрыцця Святога Года моладзь прынесла сімвал збаўлення ў базыліку св. Пятра, дзе ён заставаўся на працягу юбілею. У канцы юбілейных урачыстасцей, на Вялікдзень 1984 г. Ян Павел II даручыў крыж моладзі.
У 2003 г., падчас дыяцэзіяльнага этапу Сусветных дзён моладзі, Папа падарыў маладым людзям копію іконы Маці Божай Salus Populi Romani, арыгінал якой знаходзіцца ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. З таго часу абодва сімвалы пілігрымуюць па ўсім свеце.
У чэрвені-ліпені 2014 г., перад Сусветнымі днямі моладзі 2016 г. у Кракаве, адбылася перэгрынацыя крыжа і іконы па санктуарыях Беларусі.