Ватыканскі дыпламат: Святы Пасад служыць міру і братэрству
З нагоды 40-годдзя з дня заключэння Дамовы паміж Апостальскай Сталіцай і Перу, падпісанай 19 ліпеня 1980 г. у Ліме, Сакратар па адносінах з дзяржавамі прыняў удзел у святочным мерапрыемстве ў пасольстве гэтай паўднёваамерыканскай краіны пры Святым Пасадзе. У сваёй прамове ён акрэсліў некаторыя напрамкі дзейнасці ватыканскай дыпламатыі.
Іерарх нагадаў, што падчас Апостальскага падарожжа ў Паўднёвую Карэю ў 2014 г. Францішак акрэсліў дыпламатыю “як мастацтва магчымага, якое грунтуецца на цвёрдай перакананасці, што мір можа быць дасягнуты праз дыялог і ўважлівае і шчырае слуханне, а не праз узаемныя абвінавачванні, непатрэбную крытыку і дэманстрацыю сілы”.
Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што не дастаткова толькі прагнуць міру і мець жаданне працаваць дзеля яго. “Неабходны канкрэтныя і паслядоўныя ўчынкі, а перш за ўсё, поўнае ўсведамленне таго, што кожны чалавек, у сваім малым ці вялікім штодзённым свеце з’яўляецца “міратворцам”, нават маючы розныя заданні, абавязкі і функцыі”, - сказаў ён.
Дыпламатычная дзейнасць Апостальскай Сталіцы не задавальняцца назіраннем за падзеямі і ацэнкай іх наступстваў, а таксама не можа заставацца толькі пэўнага роду крытычным голасам сумлення, часта нават “па-за хорам”. “Яна паклікана дзейнічаць, дапамагаючы мірнаму суіснаванню між рознымі краінамі, прасоўваючы братэрства між народамі, дзе паняцце “братэрства” з’яўляецца сінонімам фактычнага ўзаемадзеяння, сапраўднага, узгодненага і ўпарадкаванага супрацоўніцтва, структурнай салідарнасці ў імя агульнага дабра і кожнага чалавека”, - падкрэсліў арцыбіскуп.
Ватыканскі дыпламат заўважыў, што Святы Айцец просіць Апостальскую Сталіцу дзейнічаць на міжнародным узроўні не для таго, каб гарантаваць агульную бяспеку, якая становіцца ўсё больш складанай у гэты перыяд нестабільнасці і канфліктнасці, але, каб падтрымліваць ідэю міра як плёну справядлівых адносін, гэта значыць павагі да міжнародных норм, абароны фундаментальных правоў чалавека, пачынаючы ад правоў самых апошніх, найбольш уразлівых”.
У сваю чаргу эклезіяльная функцыя дыпламатыі заключаецца ў тым, каб быць прыладай еднасці паміж Папам, біскупамі і мясцовымі Касцёламі, дапамагаючы Святому Айцу канкрэтным чынам дасягаць духоўных і матэрыяльных “перыферый” чалавецтва.
Паводле іерарха, ідэя міру, якую нясе Апостальская Сталіца тычыцца не проста стварэння сістэмы міжнароднай бяспекі і выканання абавязкаў, але таксама патрабуе прадухілення прычын, якія могуць прыводзіць да ваенных канфліктаў, вырашэння культурных, сацыяльных, этнічных і рэлігійных сітуацыі, якія могуць нанова распальваць крывавыя войны, што толькі што завяршыліся.
Прынцыповым шляхам павінна быць барацьба з раўнадушшам, беднасцю, як матэрыяльнай, так і духоўнай, а таксама будаванне міру і мастоў праз дыялог. Арцыбіскуп Галахер адзначыў важнасць глыбокага навяртання, якое закране сэрцы, прыярытэты, лад жыцця і дазволіць выходзіць насустрач людзям, нават калі здаецца, што мы не вельмі добра ведаем іх, паходзім з розных культурных і рэлігійных светаў і размаўляем на розных мовах.