Кадравыя змены ў Швейцарскай гвардыі – пашыраны камандны састаў
Былі ўведзены ў чын 3 новыя лейтэнанты, 3 сяржанты, 4 капралы і 8 віцэ-капралаў.
Трэба нагадаць, што ў студзені 2018 г. корпус узмацнілі 13 капралаў, 12 віцэ-капралаў і 8 вахмістраў. Ніколі раней не адбывалася такіх шырокіх кадравых змен у камандным саставе.
Францішак 29 красавіка 2018 г. дазволіў павялічыць колькасць гвардзейцаў з 110 да 135, таксама даўшы магчымасць пашырыць колькасць афіцэраў і унтэрафіцэраў. Пасля цяперашніх прызначэнняў усе кіраўнічыя пасады заняты. З прыбыццём навабранцаў у студзені 2021 г. у Папскай швейцарскай гвардыі будуць праходзіць службу 135 чалавек.
Гвардзейцы выконваюць ганаровы абавязак аховы Папы і Апостальскага палацу, а таксама меж Дзяржавы Ватыкан. Афіцэры суправаджаюць Святога Айца ў замежных падарожжах. Асноўны склад Швейцарскай гвардыі, гэта рэкруты, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу на працягу 26 месяцаў.
Сапраўдным подзвігам самай невялікай арміі ў свеце лічыцца бітва гвардзейцаў з 20-тысячнай арміяй імператара Карла V 6 мая 1527 г., падчас славутай аблогі Рыма. Падчас абароны загінулі 142 з 189 гвардзейцаў. Гэта была самая драматычная бітва ў гісторыі Швейцарскай гвардыі. У памяць пра тыя падзеі прысяга новых рэкрутаў штогод адбываецца 6 мая.