Кіраўнік Адміністрацыі маёмасці пра новы motu proprio
28 снежня 2020 г. Папа выдаў Апостальскі ліст, якім зацвердзіў больш цэнтралізаванае кіраванне інвестыцыямі, фондамі і нерухомай маёмасцю. Ён пазбавіў гэтых функцый Дзяржсакратарыят і перадаў іх у кампетэнцыю Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы.
Біскуп Галанціна, кіраўнік Адміністрацыі, заўважыў, што такім чынам Папа завяршыў працэс, аб якім яшчэ напрыканцы жніўня паведаміў у спецыяльным лісце да кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна. Гэтаму рашэнню папярэднічала доўгая даследчая праца. Працэс пачаўся яшчэ ў часы пантыфікату Бэнэдыкта XVI, разам з дыскусіяй аб патрэбе ўмацавання празрыстасці і больш рацыянальным кіраванні фінансавымі і эканамічнымі рэсурсамі.
“Калі ў нас існуе дыкастэрыя, прызначаная для кіравання фондамі і нерухомай маёмасцю, тады няма неабходнасці, каб гэта заданне выконвалі іншыя структуры. Калі ёсць дыкастэрыя, прызначаная для кантролю за інвестыцыямі і выдаткамі, тады няма патрэбы, каб гэта рабілі іншыя”, - патлумачыў мэту новаўвядзенняў ватыканскі іерарх.
Гаворачы пра фонд “Грош св. Пятра” біскуп Галанціна заўважыў, што Папа заўсёды прасіў, каб ён адрозніваўся ад іншых фондаў і выкарыстоўваўся выключна для тых мэтаў, для якіх быў створаны. Гаворка ідзе пра кіраванне ахвяраваннямі вернікаў і мясцовых Касцёлаў, якія павінны служыць місіі Папы, паўсюднага пастыра. Гэта значыць, што яны павінны накіроўвацца на дабрачыннасць, евангелізацыю, падтрымку звычайнага жыцця Касцёла і структур, якія дапамагаюць Біскупу Рыма ў выкананні яго служэння.
“Кіраванне “Грошам св. Пятра” будзе ажыццяўляць Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы і Сакратарыят па эканамічных пытаннях, згодна з прамымі ўказаннямі Папы, як фондам, які адрозніваецца ад іншых фондаў, маючых іншае прызначэнне”, - дадаў біскуп Нунцыа Галанціна.