Пандэмія не перашкодзіць адвэнтавым рэкалекцыям у Ватыкане
Аб гэтым паведаміў Прапаведнік Папскага дома, кардынал Раньера Канталамеса. Тэмай казанняў будзе “Пандэмія: падстава для разважанняў над некаторымі вечнымі ісцінамі”.
“У год, адзначаны вялікім і жахлівым фактам каронавіруса, мы стараемся засвоіць урок, які кожны з нас можа атрымаць для свайго духоўнага жыцця. Вечныя ісціны, над якімі гэта сумная падзея заахвочвае нас разважаць, – гэта, па-першае, тое, што ўсе мы смяротныя і не маем на зямлі пастаяннага жытла; па-другое, што жыццё верніка не сканчаецца смерцю, паколькі нас чакае жыццё вечнае; па-трэцяе, што мы не самотныя і не пакінутыя на маленькай лодцы, якой з’яўляецца наша планета, – таму што Слова стала целам і пасялілася між намі”, - напісаў Прапаведнік.
Традыцыйныя адвэнтавыя сустрэчы, як звычайна, будуць праходзіць па пятніцах у прысутнасці Святога Айца.
На казанні запрашаюцца кардыналы, арцыбіскупы, біскупы, прэлаты Папскай сям’і, супрацоўнікі Рымскай курыі і Вікарыяту Рыма, генеральныя настаяцелі ордэнаў і кангрэгацый, якія належаць да Папскай капэлы. На гэты раз яны прагучаць у Зале Паўла VI, што дасць магчымасць захаваць неабходную адлегласць паміж прысутнымі.