Святы Пасад выдаў заўвагі адносна Нядзелі Божага Слова
Дакумент пад назвай “Заўвага адносна Нядзелі Божага Слова” мае на мэце дапамагчы абуджэнню ўсведамлення важнасці Святога Пісання для жыцця вернікаў, а таксама адносін паміж Божым слова і літургіяй.
Нядзеля Божага Слова, якая была ўстаноўлена 30 верасня 2019 г. Папам і адзначаецца ў трэцюю нядзелю Звычайнага перыяду, з’яўляецца цудоўнай нагодай для таго, каб перачытаць некаторыя касцёльныя дакументы, якія “тычацца тэалагічных, літургічных і душпастырскіх прынцыпаў адносна Божага слова, якое абвяшчаецца падчас літургіі, а таксама розных іншых літургічных цэлебрацый”.
Заўважаецца, што “праз літургічныя чытанні Бог прамаўляе да свайго народу і сам Хрыстус абвяшчае сваё Евангелле”. У сувязі з гэтым неабходна з асаблівай годнасцю абвяшчаць Божае слова. У Нядзелю Божага Слова пажадана правядзенне працэсіі з евангеліярыем на пачатку св. Імшы ці размяшчэнне яго на алтары.
У гаміліі, абапіраючыся на літургічныя чытанні, пастыры павінны тлумачыць таямніцы веры і нормы хрысціянскага жыцця, дапамагаць усім разумець Святое Пісанне, рабіць яго “даступным для сваёй супольнасці”. Біскупы, святары і дыяканы пакліканы выконваць гэта служэнне “з асаблівай адданасцю”. У дакуменце звяртаецца ўвага на важнасць моманту цішыні, бо “спрыяючы медытацыі, ён дазваляе тым, хто слухае Божае слова, прыняць яго ў душы”.
Ад асобаў, якія абвяшчаюць Божае слова падчас літургіі – святароў, дыяканаў і лектараў – патрабуецца асаблівая “ўнутрая і знешняя падрыхтаванасць, добрае знаёмства з тэкстам, які будзе чытацца, а таксама практыкаванне ў яго абвяшчэнні, каб пазбягаць усялякіх імправізацый”.
Кнігі, у якіх змешчаны ўрыўкі са Святога Пісання, павінны быць зроблены з якаснага матэрыялу і выкарыстоўвацца годным чынам. У сувязі з гэтым непажадана ўжыванне лісткоў, ксеракопій, дапаможнікаў замест літургічных кніг.
Напярэдадні ці пасля Нядзелі Божага Слова Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў прапануе праводзіць адмысловыя фармацыйныя сустрэчы, каб дапамагаць лепшаму разуменню Святога Пісання і яго каштоўнасці ў літургічных цэлебрацыях. Падчас іх можна больш дэтальна распавядаць пра тое, як Касцёл чытае Біблію ў малітве, пра крытэрыі размеркавання літургічных чытанняў на працягу года. Нядзеля Божага Слова можа стаць добрай нагодай, каб паглыбіць разуменне сувязі паміж Святым Пісаннем і Літургіяй гадзін.
На завяршэнне дакумента звяртаецца ўвага на постаць св. Іераніма, які дае прыклад “вялікай любові да Божага слова”. Як нагадаў Францішак у Апостальскім лісце Scripturae sacrae affectus ад 30 верасня 2019 г., напісанага з нагоды 1600-годдзя з дня смерці св. Іераніма, ён быў “нястомным даследчыкам, перакладчыкам, экзэгетам, глыбокім знаўцам і руплівым папулярызатарам Святога Пісання”, а слухаючы яго знайшоў самога сябе, аблічча Бога і братоў, - гаворыцца ў паведамленні.
“Заўвага адносна Нядзелі Божага Слова” была падпісана 17 снежня 2020 г. прэфектам Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, кардыналам Рабэрам Сара.