Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад абнародаваў новы дакумент аб вакцыне

“Вакцына для ўсіх. 20 пунктаў для больш справядлівага і здаровага свету” – так называецца новы дакумент Апостальскай Сталіцы, прысвечаны вакцыне ад COVID-19. Ён быў абнародаваны 29 снежня 2020 г.

Падрыхтоўкай тэксту займаліся Камісія па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса, якая дзейнічае пры Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, і Папская акадэмія жыцця.

У дакуменце заўважаецца, што вакцына – гэта агульнае дабро, таму яна павінна размяркоўвацца ў духу роўнасці і справядлівасці. Нагадваецца, што імкненне да дасягнення выключна эканамічнай выгады ў сферы медыцыны і аховы здароўя з’яўляецца непрымальным з маральнага пункту гледжання. Тут патрэбны празрыстасць і супрацоўніцтва, а не антаганізм і суперніцтва.

Ватыканскія структуры заклікаюць сусветных лідараў пераадольваць “вакцынны нацыяналізм” і зрабіць вытворчасць вакцыны нагодай для супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, фармацэўтычнымі прадпрыемствамі і іншымі арганізацыямі.

У тэксце дакумента закранаюцца некаторыя этычныя праблемы, звязаныя з выкарыстаннем вакцын, распрацаваных з ужываннем клеткавый ліній, узятых з абарціраваных эмбрыёнаў. У сувязі з гэтым нагадваюцца нядаўнія заўвагі Кангрэгацыі Веравучэння, згодна з якімі, усе клінічна рэкамендаваныя вакцыны можна прымаць з маральнай упэўненасцю ў тым, што гэта не з’яўляецца саўдзелам у наўмысным аборце.

Падкрэсліваецца, што пры вакцынацыі прыярытэт павінен быць аддадзены тым, чыя прафесійная дзейнасць звязана са служэннем агульным інтарэсам. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра медыцынскі персанал, людзей, чыя праца патрабуе кантакту з іншымі, у прыватнасці настаўнікаў, супрацоўнікаў службаў правапарадку, а таксама пра найбольш уразлівыя катэгорыі, сярод якіх пажылыя людзі і хворыя з цяжкімі паталогіямі. Падкрэсліваецца, што адмаўленне ад вакцынацыі можа ствараць пагрозу для здароўя і жыцця іншых людзей.

 

29 снежня 2020, 13:06