Святы Пасад пра мэты Года сям’і – Amoris laetitia
У дакуменце адзначаецца, што досвед пандэміі яшчэ больш прадэманстраваў галоўную ролю сям’і, як хатняга Касцёла, і важнасць сувязей паміж сем’ямі. Праз ініцыятывы духоўнага, душпастырскага і культурнага характару, якія будуць праводзіцца ў рамках Года сям’і – Amoris laetitia, Францішак “жадае звярнуцца да ўсіх касцёльных супольнасцей у свеце, заклікаючы кожнага чалавека быць сведкам сямейная любові”.
Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця плануе даць у распараджэнне парафій, дыяцэзій, універсітэтаў, касцёльных рухаў і сямейных асацыяцый неабходныя “інстументы для ўмацавання сямейнай духоўнасці, фармацыі і душпастырскай дзейнасці ў сферы падрыхтоўкі да сужэнства, эмацыйнага выхавання моладзі, святасці сужонкаў і сем’яў, якія жывуць ласкай сакрамэнту ў іх штодзённым жыцці”.
Плануецца правядзенне міжнародных навуковых сімпозіумаў для паглыблення рэфлексіі над зместам Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia, а таксама тэмаў, якія маюць вялікую актуальнасці і цікавяць сем’і ва ўсім свеце.
З нагоды адкрыцця Спецыяльнага года ватыканская дыкастэрыя падрыхтуе інфармацыйны буклет, які можна будзе спампаваць на спецыяльным сайце www.amorislaetitia.va. Інтэрнэт-рэсурс стане даступны ў сакавіку на англійскай, французскай, іспанскай, партугальскай і італьянскай мовах. На ім будуць змяшчацца прапановы і інфармацыя пра ініцыятывы, якія пройдуць на працягу Спецыяльнага года.
Год сям’і – Amoris laetitia павінен дапамагчы адчуць, што Евангелле сям’і – гэта “радасць, якая напаўняе сэрца і ўсё жыццё”, а сям’я, якая пазнае і адчувае радасць валодання дарам і быцця дарам для Касцёла і грамадства, “можа стаць святлом у цемры свету”. Год пакліканы дапамагчы ў абвяшчэнні каштоўнасці сакрамэнту сужэнства; зрабіць сем’і “пратаганістамі сямейнага душпастырства”, а моладзь – “свядомымі адносна важнасці фармацыі ў праўдзе любові і дару сябе”.
На працягу Года сям’і – Amoris laetitia дыяцэзіі і парафіі заахвочваюцца ўмацаваць душпастырскую падрыхтоўку да сужэнства і суправаджэнне сужонкаў у першыя гады іх сямейнага жыцця; праводзіць сустрэчы для бацькоў на тэму выхавання дзяцей, прыгажосці і цяжкасцей жыцця ў сям’і.
Асаблівую ўвагу прапануецца звярнуць на пары, якія перажываюць крызіс, а таксама на пажылых людзей, каб пераадольваць культуру адчужэння і раўнадушша. Для моладзі прапануецца праводзіць ініцыятывы, каб разам размаўляць пра сям’ю, сужэнства, чыстасць, адкрытасць на жыццё, выкарыстанне сацыяльных сетак, беднасць, павагу да стварэння.
Асаблівым аспектам Года павінна стаць большае ўключэнне сужэнскіх пар у дыяцэзіяльныя і парафіяльныя структуры сямейнага душпастырства, а таксама паглыбленне фармацыі душпастырскіх работнікаў, семінарыстаў і святароў, каб у супрацоўніцтве з сем’ямі, яны адпавядалі выклікам сучаснага свету.
Для дасягнення гэтых мэтаў важна, каб функцыянавала ўзаемадзеянне паміж сям’ёй-хатнім Касцёлам і Касцёлам. Неабходна, каб яны цанілі адзін аднаго ў якасці незаменнага дару. Важна таксама развіваць у сем’ях іх натуральнае місіянерскае пакліканне, садзейнічаць іх евангелізацыйнай фармацыі.
Спецыяльны Год сям’і, прысвечаны рэфлексіі над Апостальскай адгартацыяй Amoris laetitia, будзе ўрачыста адкрыты у бліжэйшую ўрачыстасць св. Юзафа, 19 сакавіка 2021 г., і завершыцца святкаваннем Х Сусветнай сустрэчы сям’яў, якая пройдзе 22 чэрвеня 2022 г. у Рыме.