Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад устанавіў адпусты ў Год св. Юзафа

Апостальская Пэнітэнцыярыя абнародавала дэкрэт аб адпустах, прымеркаваных да Года св. Юзафа, які Папа абвясціў у Касцёле з 8 снежня 2020 г. па 8 снежня 2021 г.

У дакуменце прыгадваецца, што для атрымання поўнага адпусту трэба не мець прывязанасці да якога-кольвечы граху, выканаць звычайныя ўмовы (сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца), а таксама прыняць удзел у падзеях Года св. Юзафа, згодна з устаноўленым Апостальскай Пэнітэнцыярыяй чынам.

Св. Юзаф, як “сапраўдны чалавек веры”, заклікае да сыноўскіх адносін з Нябесным Айцом, абнаўлення вернасці ў малітве і паслухмянасці Божай волі. Таму “поўны адпуст удзяляецца тым, хто прынамсі на працягу 30 хвілін паразважае над малітвай “Ойча наш”, або прыме ўдзел у прынамсі аднадзённых духоўных рэкалекцыях, якія прадугледжваюць разважанне над асобай св. Юзафа”.

Св. Юзаф узорным чынам злучаў у сваім жыцці справядлівасць і міласэрнасць. “Таму тыя, хто па прыкладзе св. Юзафа споўняць учынкі міласэрнасці да цела і душы бліжняга, таксама змогуць атрымаць дар поўнага адпусту”, - гаворыцца ў дакуменце.

Нагадваецца, што св. Юзаф з’яўляецца абаронцам Святой Сям’і з Назарэта, мужам Найсвяцейшай Панны Марыі і законным бацькам Езуса. “Каб усе хрысціянскія сем’і адчувалі стымул аднавіць такую ж атмасферу блізкай еднасці, любові і малітвы, якой жыла Святая Сям’я, поўны адпуст удзяляецца за малітву св. Ружанца ў сем’ях і між заручанымі”, - гаворыцца ў дэкрэце.

У кантэксце таго, што св. Юзаф з’яўляецца абаронцам людзей працы, поўны адпуст змогуць атрымаць усе, “хто будзе штодзённа давяраць сваю дзейнасць абароне св. Юзафа, а таксама кожны вернік, які ўзнясе малітвы праз заступніцтва Рамесніка з Назарэту, каб тыя, хто шукае працу, маглі знайсці яе, і каб праца ўсіх была больш годнай”.

Поўны адпуст змогуць атрымаць таксама вернікі, якія памоляцца Літаніяй да св. Юзафа ці Акафістам да св. Юзафа, поўным тэкстам ці прынамці яго часткай (для візантыйскай традыцыі), або любой малітвай да св. Юзафа, уласцівай іншым літургічным традыцыям, у інтэнцыі Касцёла, які пераследуецца ad intra і ad extra, і аб суцяшэнні душы ўсіх хрысціян, якія пакутуюць ад розных форм пераследу.

Каб нанова сцвердзіць “паўсюднасць апякунства” св. Юзафа, у дапаўненне да згаданых магчымасцей Апостальская Пэнітэнцыярыя прапануе магчымасць поўнага адпусту вернікам, якія памоляцца да св. Юзафа ці здзейсняць акт пабожнасці ў яго гонар 19 сакавіка і 1 мая, у свята Святой Сям’і Езуса, Марыі і Юзафа, у Нядзелю св. Юзафа (згодна з візантыйскай традыцыяй), а таксама ў 19-ы дзень кожнага месяца і кожную сераду, якая прысвечана святому, згодна з лацінскай традыцыяй.

У кантэксце надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі дар “поўнага адпусту асаблівым чынам распаўсюджваецца на пажылых людзей, на хворых і паміраючых, на ўсіх, хто па законных прычынах не мае магчымасці выходзіць з дому”. Для атрымання адпусту ім патрэбна адсутнасць прывязанасці да граху, намер паспавядацца, як толькі гэта стане магчымым, выканаць тры звычайныя ўмовы, а таксама ўчыніць акт пабожнасці ў гонар св. Юзафа, суцяшыцеля хворых і апекуна добрай смерці, з даверам ахвяруючы Богу пакуты і нязручнасці свайго жыцця.

Апостальская Пэнітэнцыярыя заклікае святароў, надзеленых адпаведнымі паўнамоцтвамі, з гатоўнасцю і велікадушнасцю прысвяціць сябе сакрамэнту споведзі і ўдзяленню св. Камуніі хворым.
 

08 снежня 2020, 13:23