Бэнэдыкт XVI: пандэмія і першае Божае нараджэнне без брата
Сёлета Божае Нараджэнне для Бэндыкта XVI стала першым без яго брата, памерлага летам 2020 г. Тым не менш прысутнасць Георга Ратцынгера адчувалася духоўна: Папа-эмерыт часта слухаў запісы калядных спеваў у выкананні хору “Regensburger Domspatzen”, якім кіраваў яго брат.
“Гэтая страта стала для Бэнэдыкта XVI ранай, якая балела падчас святаў, але ён сказаў мне, што адчуваў таксама і суцяшэнне Пана, упэўненасць у тым, што брат цяпер жыве ў Яго абдымках”, - падзяліўся арцыбіскуп Генсвайн.
Сакратар Папы-эмерыта распавёў, што ў сувязі з пандэміяй штодзённае жыццё ў кляштары Mater Ecclesiae амаль не змянілася, за выключэннем абмежавання колькасці візітаў да Бэнэдыкта XVI. Святы Айцец сочыць за навінамі па тэлевізары і падзяляе заклапочанасць у сувязі з тым, што адбываецца ў свеце. “Сярод памерлых ад COVID-19 былі асобы, якіх ён ведаў”, - дадаў арцыбіскуп.
Прэфект Папскага дома пацвердзіў тое, аб чым казаў раней: Бэнэдыкт XVI адчувае сябе фізічна слаба, але захоўвае абсалютную яснасць розуму. Ён перамяшчаецца з дапамогай хадункоў, яго голас аслабеў, ён больш адпачывае, але тым не менш штодзённа выходзіць са сваім сакратаром на шпацыр па Ватыканскіх садах, нават нягледзячы на халоднае надвор’е.
Арцыбіскуп Генсвайн кожны дзень служыць св. Імшу з Папам-эмерытам, які канцэлебруе седзячы. Для яго быў падрыхтаваны тэкст Літургіі гадзін з павялічаным шрыфтам, але ежу Бэнэдыкт XVI спажывае як і раней – у кампаніі жыхароў сваёй рэзідэнцыі.