Кіраўнік медслужбы спадзяецца, што Папа прышчэпіцца ад COVID-19
Прафесар паведаміў у інтэрв’ю Il Messaggero, што ў Ватыкане ў першым шэрагу супраць каронавіруса будуць вакцынавацца асобы, якія знаходзяцца на перадавой, між іншым, урачы і медыцынскі персанал, супрацоўнікі дзяржаўнай службы, грамадзяне Ватыкана з асаблівымі паталогіямі і інваліды, потым пажылыя і слабыя і паступова ўсе астатнія. У Ватыкане пражывае каля 500 чалавек і працуе 4 тыс., у паловы з якіх ёсць сем’і, такім чынам агульная колькасць доз можа дасягнуць 10 тыс. Святы Пасад прыняў рэкамендацыі па вакцынацыі, узгодненыя на міжнародным узроўні.
Арканджэлі падкрэсліў, што ў Ватыкане ўсё гатова для прыёму вакцын. Ён пацвердзіў, што гэта будзе распрацоўка фірмы Pfeizer, паколькі яна – адзіная зацверджаная і даступная да гэтага часу вакцына. Пазней, пры неабходнасці, можна будзе выкарыстоўваць распрацоўкі іншых кампаній.
Кіраўнік Упраўлення аховы здароўя і гігіены запэўніў, што сам пройдзе вакцынацыю. Пытанне прышчэплівання Святога Айца ляжыць у кампетэнцыі яго асабістага ўрача, хаця, як адзначыў Арканджэлі, “было б дзіўна, калі б Папа, які заахвочваў да вакцынацыі, сам не прышчапіўся”.
Медык звярнуўся да тых, хто негатыўна ставіцца да вакцынацыі супраць COVID-19. Ён адзначыў, што гэта адзіная даступная зброя, якая дазваляе трымаць пандэмію пад кантролем.
“Можна сказаць, што вакцыны прайшлі шырокія выпрабаванні, хоць гэты працэс і працягваўся карацей, чым у выпадку іншых прэпаратаў. Тэставанне было завершаны хутчэй дзякуючы інвестыцыям усіх краін. Звычайна гэта займае некалькі гадоў, на гэты раз усё прайшло на працягу года. Я асабіста веру ў навуку і больш чым упэўнены, што наяўныя вакцыны бяспечныя і не ставяць пад небяспеку жыццё. Канец трагедыі, якую мы перажываем, залежыць ад распаўсюджвання вакцын”, - упэўнены кіраўнік ватыканскай медыцынскай службы.
Арканджэлі адзначыў, што ў сацыяльных сетках шмат інфармацыйнага шуму, выказванняў людзей, якія не маюць навуковай кампетэнцыі, і гэта, на жаль, прыводзіць да распаўсюджвання ірацыянальных страхаў.