Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік ухваліў дэкрэты Кангрэгацыі па справах кананізацыі

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі 21 студзеня 2021 г. кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, і ўхваліў дэкрэты, якія тычацца беатыфікацыйных спраў васьмі Слугаў Божых.

Першым з дакументаў прызнаецца мучаніцтва італьянскага святара, кс. Джавані Форназіні, які быў забіты з нянавісці да веры падчас Другой сусветнай вайны, у 1944 г.

Іншыя дэкрэты тычацца прызнання гераічнасці цнотаў. Гаворка ідзе пра двух італьянскіх святароў: кс. Мікэле Арканджэла Марыі Антоніа Вінці, памерлага ў 1943 г., і кс. Руджэра Марыі Капута, памерлага ў 1980 г.; анлійскую законніцу Элізабэт Проўт, заснавальніцу Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшага Крыжа і Мукі Нашага Пана Езуса Хрыста, памерлую у 1864 г.; італьянскага семінарыста Паскуале Канцы, памерлага ў 1930 г.; і трох свецкіх вернікаў: Санцьяга Масарнаў-і-Фэрнандэса, іспанца, памерлага ў 1882 г.; Адэле Баноліс, італьянку, заснавальніцу дабрачынных “Ініцыятыў дапамогі і сацыяльнага адкуплення”, памерлую ў 1980 г.; і Жэрома Лежона, француза, выбітнага ўрача-педыятра, першага старшыню Папскай акадэміі жыцця, памерлага ў 1994 г.
 

22 студзеня 2021, 09:38