Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: пераадолець логіку “вакцынавага нацыяналізму”

Існуе патрэба ў міжнародных дамовах, накіраваных на спрыянне ўсеагульнаму доступу да вакцыны, - падкрэсліў старшыня Папскай акадэміі жыцця, арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

22 студзеня 2021 г. ватыканская структура абнародавала заяву на тэму вытворчасці і размеркавання вакцыны супраць COVID-19, заклікаючы да міждзяржаўнага супрацоўніцтва. У дакуменце звяртаецца ўвага на “антаганізм і суперніцтва” ў гэтай сферы.

Арцыбіскуп Палья нагадаў, што ў калядным пасланні перад “Urbi et Orbi” Папа звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў, прадпрыемстваў і міжнародных арганізацый з заклікам “спрыяць супрацоўніцтву, а не канкурэнцыі”. Пантыфік падкрэсліў неабходнасць гарантавання вакцыны “ўсім без выключэння, асабліва найбольш уразлівым і тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, ва ўсіх рэгіёнах планеты”. Паводле іерарха, існуе патрэба ў тым, каб гэтыя словы пачулі ўсе.

Спасылаючыся на сумесны дакумент Папскай акадэміі жыцця і Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, арцыбіскуп Палья падкрэсліў, што вакцына належыць да агульнага дабра чалавецтва. Ён заклікаў пераадолець логіку “вакцынавага нацыяналізму” – “імкнення некаторых дзяржаў атрымаць вакцыну як мага хутчэй, каб забяспечыць неабходнай колькасцю ў першую чаргу ўласнае насельніцтва”.

У такім кантэксце, паводле іерарха, існуе патрэба ў міжнародных дамовах, накіраваных на спрыянне ўсеагульнаму доступу да вакцыны, пазбягаючы стварэння камерцыйных бар’ераў і росту цэн.

Магчымасць прамысловай вытворчасці вакцын у розных рэгіёнах свету павінна стаць прадметам супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, фармацэўтычнымі прадпрыемствамі і іншымі арганізацыямі. Старшыня Папскай акадэміі звярнуў увагу на тое, што такім чынам можна будзе пазбегнуць затрымак у забеспячэнні вакцынай многіх краін, у першую чаргу, бедных.

Завяршаючы зварот, ватыканскі іерарх заклікаў дзяржавы, структуры Еўрапейскага Саюза і Сусветную арганізацыю аховы здароўя да больш актыўных дзеянняў у забеспячэнні вакцынай кожнага, што стане чарговай магчымасцю рэалізаваць заклік Папы да паўсюднага братэрства.
 

23 студзеня 2021, 11:07