Эксперт пра эфекты ватыканскага саміту па абароне непаўналетніх
Дырэктар навучальнага цэнтра, які займаецца гэтай праблемай у Папскім грыгарыянскім універсітэце, падкрэсліў, што Дзень малітвы і пакаяння за грахі злоўжыванняў, які прайшоў у многіх краінах, з'яўляецца відавочным сігналам таго, што нельга ўцякаць ад праблемы.
Нямецкі езуіт нагадаў, што 21 лютага 2021 г. мінула два гады з часу ватыканскай сустрэчы па пытаннях абароны непаўналетніх. На яго думку, гэта ініцыятыва Францішка ўжо прыносіць канкрэтныя плёны, бачныя і нябачныя.
“Відаць канкрэтныя наступствы ў сферы касцёльнага заканадаўства. Папа абнародаваў motu proprio Vos estis lux mundi, новы закон, які вызначае, напрыклад, працэдуры для біскупаў, правінцыялаў і генералаў манаскіх кангрэгацый, якія не выконваюць кананічнае заканадаўства, калі здзяйсняюць халатнасць або прыкрываюць выпадкі злоўжыванняў. Гэта адзін з самых важных плёнаў”, - лічыць эсперт.
Цольнэр нагадаў, што ў снежні 2019 г. Папа ўвёў пакаранне за распаўсюджванне дзіцячай парнаграфіі, павялічыўшы ўзроставы парог да 18 гадоў. Ён таксама адмяніў папскую таямніцу ў выпадку злоўжыванняў.
Нябачны плод паспеў у сэрцах людзей. Удзельнікамі ватыканскага саміту сталі старшыні епіскапатаў і прадстаўнікі манаскіх кангрэгацый. Шмат хто з іх пакінуў Рым са змененым сэрцам. Яны гэта публічна прызналі. Удзельнікі пачулі сведчанні ахвяр і зразумелі, што прадухіленне злоўжыванняў – гэта не маргінальная тэма, але неад'емная частка місіі Касцёла. Таму эксперт па абароне непаўналетніх “глыбока перакананы”, што гэта навяртанне сэрца прынясе плён, які ператворыцца ў канкрэтныя дзеянні.