Кардынал Філоні пра візіт Папы ў Ірак і адносіны з мусульманамі
У інтэрв'ю EWTN іерарх прызнаўся, што калі Ян Павел II даверыў яму дыпламатычную місію ў гэтай краіне дваццаць гадоў таму, яго першай задачай было абвяшчэнне паслання міру. “Гэтая місія сёння актуальная, як і тады. Святы Айцец едзе туды, каб прынесці мір”, - падкрэсліў іерарх.
Кардынал Філоні звярнуў увагу на тое, што сіракаталіцкая катэдра Маці Божай Збаўчай, якую наведае Папа падчас знаходжання ў Іраку, была месцам тэракту ў 2010 г. Там загінулі 50 чалавек. “Папа спецыяльна абраў гэты храм, каб падтрымаць іракскіх хрысціян і прадэманстраваць, што мы аб'яднаны верай у Хрыста”, - заўважыў іерарх.
Ён падкрэсліў, што сустрэча Пантыфіка з лідарам мусульман-шыітаў у Іраку Алі Аль-Сістані будзе мець адмысловае значэнне. Яна пройдзе каля магілы прарока Эзэхіэля, які суцяшаў ізраільцян у вавілонскім палоне. “Прарок даў ім надзею, што калі-небудзь Бог удыхне жыццё ў мёртвыя косці. Калі я маліўся ля той магілы, бачыў, што туды прыязджаюць і мусульманскія паломнікі. Візіт Папы дае надзею на тое, што таксама і ў адносінах паміж хрысціянамі і мусульманамі з’явіцца жыццё”, - сказаў кардынал Філоні.