Папская акадэмія жыцця: старасць – Божы дар і каштоўны рэсурс
У тэксце нагадваецца, што пандэмія паказала “ўзаемазалежнасць паміж усімі людзьмі і існаванне моцнай няроўнасці”. Мы ўсе апынуліся ў моры падчас буры, але маем “розныя лодкі”: “найбольш уразлівыя тонуць штодзённа”. У сувязі з гэтым ватыканская структура чарговы раз заклікае пераасэнсаваць “мадэль развіцця ўсёй планеты”.
У тэксце звяртаецца ўвага на сітуацыю пажылых падчас пандэміі і адзначаецца, што менавіта яны сталі першымі ахвярамі каронавіруса. Найбольшая колькасць смяротных выпадкаў назіралася ў дамах для састарэлых асоб – месцах, прызначаных для “абароны самых уразлівых членаў грамадства”. Улічваючы гэта, Папская акадэмія жыцця адзначае патрэбу ў “новай канцэпцыі, новай парадыгме, якая дазволіць грамадству клапаціцца пра пажылых”.
У дакуменце падкрэсліваецца, што працягласць чалавечага жыцця пастаянна расце, у сувязі з чым узнікаюць новыя культурныя, антрапалагічныя і эканамічныя выклікі. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2050 г. у свеце будзе налічвацца каля 2 мільярдаў людзей ва ўзросце за 60 гадоў – кожны пяты жыхар планеты будзе пажылым.
Апостальская Сталіца заклікае пераадолець стэрэатыпнае бачанне, згодна з якім старасць лічыцца “нешчаслівым узростам”. “Быць пажылым – гэта Божы дар і велізарны рэсурс, гэта здабытак, які трэба клапатліва абараняць”, - падкрэсліваецца ў тэксце.
Звяртаецца ўвага на важнасць узнікнення новых форм клопату аб пажылых людзях, якія дазволяць ім не адчуваць сябе самотнымі і пакінутымі, а таксама спрыяння сустрэчы паміж пакаленнямі. У дакуменце адзначаецца неабходнасць клопату пра духоўнае жыццё асоб сталага ўзросту, бо старасць – гэта “набліжэнне не да канца, а да таямніцы вечнасці”. Заўважаецца таксама, што “толькі дзякуючы пажылым людзям моладзь можа знайсці свае карані, і толькі дзякуючы моладзі пажылыя могуць вярнуць сабе здольнасць марыць”.
Папская акадэмія жыцця звяртае ўвагу на важнасць сведчання, якое старэйшае пакаленне можа можа даваць сваёй уразлівасцю. Такое сведчанне з’яўляецца сапраўдным “вучэннем, жыццёвым урокам”, бо старасць – час поўнага даверу да Бога.
У дакуменце гучыць заклік да грамадзянскай супольнасці, Касцёла і іншых рэлігійных традыцый, свету культуры, адукацыі, валантарыяту, эканомікі і сацыяльнай камунікацыі паспрыяць ажыццяўленню культурнай змены, якая будзе выражацца ў большым клопаце пра пажылых людзей і стварэнні хатняй атмасферы ў структурах, пакліканых ім дапамагаць.