Пошук

Кардынал Раньера Канталамеса палчас велікапоснага казання Кардынал Раньера Канталамеса палчас велікапоснага казання 

Папскі прапаведнік: навяртанне – гэта “каперніканская рэвалюцыя”

Вярнуцца да моманту паклікання, да нашай першай асабістай сустрэчы з Езусам, калі казалі сабе, што дастаткова толькі Бога, і верылі ў гэта, - заклікаў кардынал Раньера Канталамеса.

26 лютага 2021 г. у ватыканскай Зале Паўла VI Прапаведнік Папскага дому прамовіў першае велікапоснае казанне, прысвечанае тэме навяртання. Яго слухалі іерархі і супрацоўнікі Рымскай курыі.

Капуцын зазначыў, што навяртанне прадугледжвае перагляд асабістых адносін з Богам. Яно “патрабуе пераходу ад ідэі пра Бога, Які просіць, загадвае і пагражае, да ідэі пра Бога, Якія сустракае сардэчна і хоча даць нам усё”.

Каб прыйсці да гэтага, неабходна стаць як дзеці, аб чым Езус прасіў сваіх вучняў, што спрачаліся на тэму першых месцаў у Божым Валадарстве. “Стаць дзецьмі ў выпадку апосталаў значыла вярнуцца да таго стану, які мелі ў хвіліну паклікання: без прэтэнзій, без тытулаў, без саперніцтва паміж сабой. Гэта значыла вярнуцца да таго стану, калі былі спадарожнікамі падчас прыгоды, а не канкурэнтамі ў барацьбе за першае месца. Таксама для нас гэта значыць вярнуцца да моманту паклікання, да моманту першай сапраўднай асабістай сустрэчы з Езусам, калі казалі, што “дастаткова толькі Бога”, і верылі ў гэта”, - падкрэсліў кардынал.

Прапаведнік параўнаў навяртанне з “сапраўднай каперніканскай рэвалюцыяй”, бо для яго рэалізацыі чалавек павінен зразумець, што свет рухаецца не вакол яго, а вакол Хрыста.

Кардынал нагадаў словы з Апакаліпсіса св. Яна, дзе гучыць папрок у бок вернікаў, што былі “ні халоднымі, ні гарачымі”. Навяртанне азначае выйсце з такога стану і пераадоленне павярхоўнасці; яно падразумявае адкрытасць на запал Духа Святога і своеасаблівае духоўнае “ап’яненне” на падабенства апосталаў.

“Месцамі”, дзе можна чэрпаць сілу Духа Святога, з’яўляюцца: Эўхарыстыя, Святое Пісанне, а таксама “хрост Духам”, які практыкуецца ў Каталіцкім харызматычным абнаўленні і азначае ўсведамленне сэнсу асабістых адносін з уваскрослым і жывым Хрыстом. Айцец Канталамеса параіў таксама шукаць натхнення Духа ў рэкалекцыях, сустрэчах, чытанні духоўнай літаратуры і малітве.
 

26 лютага 2021, 11:52