Кардынал Паралін: трывалы мір будуецца справамі, а не словамі
Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, які з 28 студзеня па 3 лютага 2021 г. ажыццяўляе працоўны візіт у Камерун, наведаў каталіцкі ўніверсітэт Цэнтральнай Афрыкі ў горадзе Яўндэ, сталіцы краіны, дзе выступіў з дакладам на тэму “Прысутнасць Святога Пасаду ў Афрыцы: мост паміж ідэяй міру і рэалізацыяй справядлівасці”.
Пурпурат заўважыў, што нездарма “таго, хто кіруе паўсюдным Касцёлам, называюць Пантыфікам”, будаўніком мастоў “паміж Богам і чалавекам і, як вынік, мастоў паміж людзьмі”. Канчатковая мэта гэтых мастоў – “згода паміж народамі і нацыямі”, якую пашырае Святы Пасад, заклікаючы да павагі фундаментальных правоў чалавека.
, - сцвердзіў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
У сувязі з гэтым іерарх нагадаў пра заснаванне Паўлам VI у 1967 г. Папскай камісіі Justitia et Pax з намерам “абудзіць у Божым народзе поўнае ўсведамленне яго місіі ў дадзены момант”, і стварэнне Францішкам у 2016 г. Дыкастэрыі па інтэгральным развіцці чалавека. Ён указаў таксама на супрацоўніцтва з ААН з мэтай рэалізацыі гэтай місіі, якая зыходзіць з пераканання, што “сапраўднае развіццё немагчыма без паляпшэння жыцця кожнай чалавечай асобы”.
Па словах кардынала Параліна, дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Афрыкай сканцэнтраваны на паляпшэнне сітуацыі на кантыненце, найперш, у пытаннях справядлівасці, трывалага міру і шчырага супрацоўніцтва.
Трывалы мір прадугледжвае яго працягласць у часе і ўкаранёнасць у грамадстве, а таксама самаахвярнасць, міласэрнасць і любоў кожнага чалавека як унёсак у агульную справу будаўніцтва спакою.
Нарэшце, шчырае супрацоўніцтва павінна нараджацца з дамоўленасцей і перамоў па сутнасці існуючых праблем, без іх скажэння пошукам уласнай карысці. Супрацоўніцтва валодае маральнай каштоўнасцю, бо “патрабуе пераадолення палітычнай канкурэнцыі на карысць супольнага дабра”, - сказаў кардынал Дзяржсакратар.
“Святы Пасад працуе з мэтай распаўсюджвання гуманізму, здольнага абараняць жыццё як найвялікшы дар, які Бог даў чалавеку”, і прыкладае намаганні, каб “будаваць свет, здольны браць на сябе канкрэтную адказнасць за абарону годнасці кожнага чалавека”, - падсумаваў кардынал П’етра Паралін.