Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: зняць бар’еры ў доступе да вакцыны

Неабходна зняць бар’еры ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, якія перашкаджаюць усеагульнаму доступу да вакцыны супраць COVID-19, - падкрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у пасяджэнні Сусветнай гандлёвай арганізацыі, прысвечаным гандлёвым аспектам правоў інтэлектуальнай уласнасці.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на жаданне багатых краін атрымаць вакцыну першымі, а таксама імкненне некаторых прадпрыемстваў павысіць яе цану. Ён заўважыў, што ў большасці краін свету назіраюцца спазненні ў рэалізацыі праграм вакцынацыі насельніцтва. Адной з прычын гэтага з’яўляюцца абмежаванні, звязаныя з правам на інтэлектуальную ўласнасць, якія перашкаджаюць яе вытворчасці ў неабходным аб’ёме.

Вакцына павінна лічыцца агульным дабром, доступ да якога павінен ажыццяўляцца згодна з прынцыпам усеагульнага прызначэння дабротаў. У сувязі ў гэтым, арцыбіскуп Юркавіч заклікаў пераглядзець законы аб абароне інтэлектуальнай уласнасці ў кантэксце пандэміі, каб яны грунтаваліся на павазе і абароне чалавечай годнасці і адпавядалі духу салідарнасці паміж людзьмі і народамі.
 

24 лютага 2021, 13:39