Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: чарговая ініцыятыва на карысць пажылых людзей

9 лютага 2021 г. у Ватыкане пройдзе прэзентацыя дакумента Папскай акадэміі жыцця, прысвечанага сітуацыі пажылых людзей пасля пандэміі каронавіруса.

Старасць – наша будучыня. Становішча пажылых людзей пасля пандэміі (La vecchiaia: il nostro futuro. La condizione degli anziani dopo la pandemia) – так гучыць яго назва.

Галоўнымі дакладчыкамі выступяць Прэфект Акадэміі, арцыбіскуп Вічэнца Палья, і Сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, пры якой дзейнічае Ватыканская камісія па сітуацыі, выкліканай COVID-19, кс. Бруно-Мары Дзюфэ.

Гэта чарговая ініцыятыва, прысвечаная пажылым людзям. У мінулую нядзелю Святы Айцец абвясціў аб устанаўленні Сусветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца ў 4-ю нядзелю ліпеня. Раней Ватыканская дыкастэрыя па справах свецкіх, сям'і і жыцця, у кампетэнцыю якой уваходзіць душпастырства пажылых людзей, прапанавала шэраг інтэрнэт-кампаній, у якіх маладыя людзі дзяліліся ўспамінамі, звязанымі са сваімі бабулямі і дзядулямі, і прапанавалі канкрэтныя ініцыятывы суправаджэння пажылых, асабліва падчас пандэміі.

Таксама Францішак, звяртаючыся да моладзі, неаднаразова заклікаў яе развіваць сувязі паміж пакаленнямі і абапірацца на мудрасць і досвед пажылых людзей, як у індывідуальным выбары, так і ў фарміраванні сваёй грамадскай і рэлігійнай тоеснасці.
 

06 лютага 2021, 11:04