У Ватыкане прайшоў вэбінар для дыпламатаў аб выкліках пандэміі
“Клопат пра людзей, народы і планету ў час пандэміі” – так гучала тэма анлайн-сустрэчы. Мэта ініцыятывы заключалася ў тым, каб паразважаць аб магчымасцях будавання лепшага свету пасля пандэміі каронавіруса ў святле энцыклік Францішка Laudato si’ і Fratelli tutti.
Вэбінар адкрыў кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Ён заўважыў, што для перамогі над пандэміяй, неабходны глабальныя высілкі, а таксама нагадаў, што кожны чалавек павінен адчуваць сваю адказнасць за бліжняга.
Існуе неабходнасць у клопаце, які дазволіць аздаравіць будучыню збаўчай сілай веры. Кардынал Тарксан нагадаў таксама пра важнасць забеспячэння ўсім доступу да вакцын.
Падчас анлайн-сустрэчы ўзяў слова кс. Карла Казалонэ, прафесар маральнай тэалогіі і член Папскай акадэміі жыцця. Ён нагадаў, што пошук выключна камерцыйнай выгады ў сферы аховы здароўя з’яўляецца непрымальным з этычнага пункту гледжання, а інвестыцыі ў медыцыну павінны знаходзіць свой самы глыбокі сэнс у міжчалавечай салідарнасці.
Езуіт звярнуў увагу дыпламатаў на важнасць пераадолення логікі “вакцынавага нацыяналізму”. “Неабходны міжнародныя пагадненні для кіравання патэнтамі, каб палепшыць усеагульны доступ да вакцын і пазбегнуць магчымых камерцыйных перабояў”, - нагадаў пазіцыю Апостальскай Сталіцы кс. Казалонэ.
На завяршэнне вэбінару да дыпламатаў звярнуўся арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Ён падкрэсліў неабходнасць “змагання са стомленасцю, якая накапілася ва ўсім свеце”. “Ёсць шмат выклікаў, але мы павінны быць рэалістамі і працягваць рэалізоўваць нашу павестку: клопат – герменэўтыка гэтага часу”, - сказаў арцыбіскуп Галахер.