Восем гадоў таму Бэнэдыкт XVI сышоў з пасады Біскупа Рыма
У панядзелак, 11 лютага 2013 г. Пантыфік сабраў кансісторый для разгляду кананізацыйных працэсаў. Усё адбывалася як звычайна. Але перад завяршэннем цырымоніі ён пачаў чытаць тэкст на лацінскай мове: “Разважыўшы гэта шмат разоў у сумленні перад Богам, я набыў упэўненасць, што па прычыне сталага ўзросту мае сілы не дастатковыя, каб належным чынам ажыццяўляць служэнне св. Пятра. (...) Таму, цалкам усведамляючы сур’ёзнасць гэтага акту, у поўнай свабодзе, я заяўляю, што я адмаўляюся ад служэння Рымскага Біскупа, Наступніка св. Пятра...”.
Пазней Бэнэдыкт XVI абверг чуткі, што ён склаў паўнамоцтвы ў выніку скандалаў, якія закранулі Касцёл. Па яго словах, ён ніколі “не пакінуў бы карабель падчас шторму”, таму спачатку дачакаўся заканчэння разгляду гэтых пытанняў і толькі потым абвясціў аб сваім рашэнні.
“Не існуе ніякіх сумневаў у абгрунтаванасці адмовы ад служэння Наступніка св. Пятра, і гэта абсурд, спекуляваць аб дадзеным рашэнні”, - так напісаў Бэнэдыкт XVI у лісце, апублікаваным у лютым 2014 г. на першай старонцы газеты La Stampa, які стаў рэакцыяй на каментары з боку некаторых італьянскіх і міжнародных сродкаў масавай інфармацыі.
Кароткі, але “інтэнсіўны” адказ быў напісаны Папам-эмерытам уласнаручна. Ён пацвердзіў, што рашэнне было прынята ў поўнай свабодзе, і любыя “чуткі аб несапраўднасці адмовы проста абсурдныя”. Адказваючы на пытанне аб нашэнні ім “белага адзення” і далейшым ужыванні імя Бэнэдыкт, ён адзначыў, што на момант адстаўкі не было ніякіх правіл, якія б прадугледжвалі іншы падыход.