“24 гадзіны для Пана” – нагода спазнаць Божую міласэрнасць
Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі ў інтэрв’ю Vatican News нагадаў пра каштоўнасць велікапоснай акцыі, якая 12-13 сакавіка 2021 г. праходзіць у Касцёле. У яе рамках многія храмы застаюцца адкрытымі на працягу 24 гадзін, каб даць дадатковую магчымасць прыступіць да споведзі.
Ініцыятыва заахвочвае знайсці сілы і задумацца над тым, кім мы з’яўляемся, якія слабасці маем, каб стаць перад чалавекам, які ад імя Бога прамовіць, суцешыць і адорыць Божым прабачэннем. Усвядоміць гэту блізкасць Пана асабліва важна ў кантэксце набліжэння Пасхі, якая з’яўляецца найбольш датыкальным знакам надзеі, які Бог дае кожнаму з нас і ўсяму чалавецтву, патлумачыў арцыбіскуп Фізікела.
Іерарх нагадаў, што сёлета ініцыятыва “24 гадзіны для Пана” праходзіць ва ўмовах пандэміі, таму выказаў пажаданне, каб былі створаны максімальна бяспечныя ўмовы для пэнітэнтаў і святароў, якія ўдзяляюць сакрамэнт споведзі.