Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскія ініцыятывы да 700-годдзя з дня смерці Дантэ

З нагоды 700-годдзя з дня смерці Дантэ Аліг’еры Апостальская Сталіца запланавала шэраг культурных ініцыятыў, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Папскай рады па культуры.

Першы праект – віртуальная выстава “Падарожнічаць з Дантэ” (Viaggiare con Dante). Яна дазволяе пазнаёміцца з дзясяткамі манускрыптаў, старажытных кніг, гравюр, памятных медалёў, якія захоўваюцца ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы і тычацца жыцця і творчасці вялікага паэта. Экспанаты ахопліваюць перыяд з ХІІІ па ХІХ стст. Многія з іх упершыню даступныя шырокай публіцы.

Яшчэ адна ініцыятыва – дыдактычны віртуальны праект “Дантэ ў Ватыканскіх музеях” (Dante nei Musei Vaticani). Ён дае магчымасць пазнаёміцца з артэфактамі, звязанымі з асобай і дзейнасцю паэта, якія захоўваюцца ў папскай мастацкай скарбніцы.

У сярэдзіне чэрвеня ў рымскіх катакомбах св. Калікста, адбудзецца сустрэча са знакамітымі італьянскімі акцёрамі: Карла Вердонэ, Маргарытай Буй, Алесандра Абэрам і Нэнсі Брылі, якія прачытаюць урыўкі з “Боскай камедыі” і прадставяць сваю інтэрпрэтацыю некаторых галоўных персанажаў гэтага твору. Арганізатар падзеі – ініцыятыва Папскай рады па культуры “Падворак язычнікаў” (Cortile dei Gentili) у супрацоўніцтве з Папскай камісіяй па сакральнай археалогіі.

28 мая 2021 г. кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры і Навуковага камітэта па арганізацыі святкавання юбілею, выступіць з лекцыямі, прысвечанымі тэалогіі Дантэ Аліг’еры. Яны пройдуць у Фларэнцыі і Равэне – месцах нараджэння і смерці паэта. 25-26 лістапада Навуковы камітэт правядзе канферэнцыю ў рымскім Università Roma Tre на тэму эсхаталагічных пытанняў, узнятых у творчасці паэта.

Пра актуальнасць паслання Дантэ нагадаў Францішак 25 сакавіка 2021 г. у Апостальскім лісце Candor lucis aeternae (Ззянне вечнага жыцця), які абнародаваў у 700-годдзе з дня смерці паэта. Папа заўважыў, што Дантэ працягвае прамаўляць да людзей, заклікаючы не толькі чытаць і вывучаць яго творчасць, але ў першую чаргу наследаваць яго шлях да шчасця – да бясконцай і вечнай Божай любові.
 

26 сакавіка 2021, 10:07