Пошук

Кардынал Жазэ Таленціну Мендонса Кардынал Жазэ Таленціну Мендонса 

Кардынал Мендонса: Ватыканская бібліятэка– проціяддзе амнезіі

“Каталіцтва – гэта не абстракцыя”; гаворка ідзе пра “ахоп усяго таго, што чалавечае”, перакананы кардынал Жозэ Таленціну Мендонса, Архівіст і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла.

У інтэрв’ю Vatican News пурпурат нагадаў гісторыю Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі і Ватыканскага Апостальскага архіва, вярнуўшыся да вытокаў, якія датуюцца 1600-м годам, расказаўшы пра аддзяленне Бібліятэкі – “установы захавання і даследаванняў”, і Архіва, які, па словах іерарха, выконвае функцыю “інтэлектуальнай дабрачыннасці”, таму што дзеліцца сваёй спадчынай з навукоўцамі ўсяго свету.

“Каб зразумець пакліканне і місію гэтых старажытных інстытутаў, магчыма, найбольш правільным было б звярнуцца да цэнтральнага месца, якое ў жыцці Касцёла займае вымярэнне памяці. (...) Касцёл тым больш жывы, чым больш усведамляе жывую памяць, якая ў ім б’ецца і забяспечвае яго пераемнасць. Бібліятэка і Архіў з’яўляюцца проціяддзем амнезіі”, - перакананы кардынал Мендонса.

На думку пурпурата, асноўнай місіяй Апостальскай бібліятэкі з’яўляецца захаванне найбольш старажытных рукапісных версій Святога Пісання. У гэтым месцы можна зблізу ўхапіць значэнне каталіцызму, які ўспрымаўся Пантыфікамі як “ахоп усяго таго, што чалавечае, надаючы каштоўнасць усім культурам і формам выражэння”.

“Адбітак той жа ўніверсальнасці мы знаходзім у дакументах Апостальскага архіва, якія з’яўляюцца своеасаблівы працягам Кнігі Дзеяў Апосталаў, паколькі апавядаюць дзеі хрысціянства ў часе і шляхі, якімі Дух Святы суправаджае Касцёл”, - заўважыў іерарх.

Кардынал Мендонса расказаў, што, усведамляючы важнасць навуковых даследаванняў, якія патрабуюць аналізу матэрыялаў Ватыканскай бібліятэкі, супрацоўнікі ўстановы прынялі ўсе неабходныя меры, каб праца даследчыкаў не спынялася нават ва ўмовах пандэміі. Пэўны час па запыце навукоўцаў неабходныя матэрыялы дасылаліся ў электронная версіі. Цяпер жа Бібліятэка ізноў адчыніла дзверы для наведвальнікаў, хоць і ў абмежаванай колькасці, каб гарантаваць бяспеку ва ўмовах пандэміі.

Гледзячы ва ўсё больш інавацыйны і тэхналагічны заўтрашні дзень, пурпурат бачыць станоўчую рэч у тым, што “будучае грамадства будзе надаваць усё большую каштоўнасць ведам”, а гэта значыць, што спадчына, якую захоўваюць Ватыканскія бібліятэка і архіў, з’яўляецца “абавязковым кампанентам будучыні”.

Ужо зараз побач з фізічнай бібліятэкай паступова ўзнікае віртуальная. На сённяшні дзень у рэжыме свабоднага доступу знаходзіцца каля 20% ацыфраваных манускрыптаў Бібліятэкі. “Мы з адказнасцю рэагуем на выклікі будучыні”, - запэўніў Архівіст і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла.
 

23 сакавіка 2021, 12:34