Пошук

Кардынал Луіс Антоніа Тагле. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Луіс Антоніа Тагле. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Тагле: пандэмія выявіла раны свету

“Пандэмія выразна паказала іншыя хваробы, якія існавалі да каранавірусу: адсутнасць духу братэрства і бар’еры, якія аддзяляюць багатых ад бедных”, - адзначыў кардынал Луіс Антоніа Тагле.

Прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў узяў удзел у сустрэчы на тэму “Дакрануцца да ран свету. Верыць падчас пандэміі”, якую арганізавалі Францішканскі Фестываль, Італьянскае Місійнае выдавецтва і Antonianum з Балоніі.

Філіпінскі кардынал звярнуў увагу на памылковыя прыярытэты сучаснага свету: “У нас не хапае ахоўных масак, але затое ёсць грошы на ўзбраенне. У многіх частках свету не хапае чыстай вады і прасторы для захавання бяспечнай дыстанцыі”.

Кардынал Тагле ўказаў на параненасць нашага часу: “Ёсць раны, якія сталі наступствам нашых памылковых выбараў, а ёсць і такія, што не залежаць ад нас непасрэдна, але выкліканы знешнімі фактарамі, паходзяць ад іншых асобаў, сістэм, а таксама несправядлівых і абыякавых структур”.

Прэфект дыкастэрыі спаслаўся на малітву Францішка 27 сакавіка 2020 года, у якой Святы Айцец з верай нагадаў, што ўцелаўленне Езуса Хрыста з’яўляецца выражэннем блізкасці Бога да ўсіх церпячых: “Ніхто не ідзе адзін, ніхто не церпіць у самоце, ніхто не памірае пакінутым. Лякарствам з’яўляецца Езус Хрыстус. Вакол ёсць тыя, хто аказвае любоў: валанцёры, санітаркі і санітары, медыцынскія сёстры і іншыя, хто рызыкуе, уваходзячы ў небяспечныя месцы, паказваючы, што яны гатовыя быць параненымі з любові і салідарнасці”.

У хуткім часе пасля гэтай малітвы Папа стварыў платформу дапамогі, каб адказаць на патрэбы найбяднейшых краін і падрыхтаваць будучыню на базе ўзаемнай лучнасці пасля COVID-19.

На думку прэфекта Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, Касцёл мусіць адказаць на ўзрастаючую секулярызацыю, якая вынікае з глабалізацыі. “Гэта не толькі факт эканамічны, але і праблема культурная, якая з’яўляецца сур’ёзным выклікам для веры”, - падкрэсліў кардынал.
 

26 сакавіка 2021, 09:59