Пошук

Унутраны дворык сядзібы Кангрэгацыі Веравучэння Унутраны дворык сядзібы Кангрэгацыі Веравучэння 

Святы Пасад супраць благаслаўлення гомасексуальных саюзаў

Касцёл не можа благаслаўляць саюзы паміж асобамі аднаго полу. Гаворка не ідзе пра дыскрымінацыю, - адзначаецца ў паведамленні Кангрэгацыі Веравучэння, якое было абнародавана 15 сакавіка 2021 г.

Дакумент стаў адказам ватыканскага ведамства на просьбу аб растлумачэнні dubium (сумнева) адносна благаслаўлення гомасексуальных саюзаў. Пытанне гучала так: “Ці мае Касцёл паўнамоцтвы ўдзяляць благаслаўленне саюзам асобаў аднаго полу?”. Адназ – адмоўны. Гэта значыць, што святарам не дазваляецца благаслаўляць гомасексуальныя пары, якія просяць аб свайго роду рэлігійным прызнанні іх саюза. Пантыфік быў паінфармаваны аб рашэнні і даў згоду на яго абнародаванне.

Заўвага суправаджаецца тлумачальнай нотай, якую падпісалі кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, і сакратар гэтай структуры, арцыбіскуп Джакама Марандзі.

Адзначаецца, што ў некаторых касцёльных асяродках распаўсюджваюцца праекты і прапановы адносна асобаў аднаго полу, якія нярэдка матываваны шчырым жаданнем іх прыняцця і суправаджэння, прапанавання ім шляхоў для ўзрастання ў веры, а таксама прадстаўлення ім “неабходнай дапамогі” для разумення і поўнай рэалізацыі Божай волі ў  жыцці. Сярод такіх прапаноў, якія патрабуюць належнай ацэнкі, благаслаўленне саюзаў.

У тэксце Кангрэгацыі падкрэсліваецца адрозненне паміж асобамі і саюзамі. Адмоўнае рашэнне адносна благаслаўлення саюзаў не ўключае суджэння адносна паасобных людзей, якія павінны быць прыняты “з павагай, спагадай і далікатнасцю”, пазбягаючы “любых выразаў несправядлівай дыскрымінацыі”, як ужо сцвярджалася ў іншых настаўніцкіх дакументах Касцёла.

У заяве тлумачацца прычыны адмоўнага рашэння. Першая тычыцца праўды і каштоўнасці благаслаўленняў, якія з’яўляюцца сакрамэнталіямі, гэта значыць літургічнымі дзеяннямі Касцёла, і таму патрабуюць, каб тое, што благаслаўляецца, было “аб’ектыўна скіравана на прыняцце і выражэнне ласкі, згодна з задумамі Бога, упісанымі ў стварэнне”. Адносіны, у тым ліку пастаянныя, якія “прадугледжваюць сексуальныя стасункі па-за сужэнствам” – гэта значыць па-за непарыўным саюзам паміж мужчынам і жанчынай, адкрытым на перадачу жыцця – не адпавядаюць такім Божым задумам, нават калі ў такіх адносінах могуць існаваць “пазітыўныя элементы”. Гэта выснова не тычыцца толькі гомасексуальных пар, але ўсіх саюзаў, якія прадугледжваюць сексуальныя стасункі па-за сужэнствам.

Яшчэ адна прычына адмоўнага рашэння звязана з рызыкай памылковага атаясамлення благаслаўлення саюзаў паміж асобамі аднаго полу з сакрамэнтам сужэнства.

Кангрэгацыя Веравучэння ўдакладняе, што адказ на dubium не выключае ўдзялення благаслаўлення “паасобным людзям з гомасексуальнымі схільнасцямі, якія выяўляюць жаданне жыцця ў вернасці задумам, аб’яўленым Богам”. У той жа час абвяшчаецца недазволенай “якая-кольвечы форма благаслаўлення, накіраваная на прызнанне іх саюзаў”.
 

15 сакавіка 2021, 12:39