Ватыкан: надзвычайны камісар завяршыў місію ў Фабрыцы св. Пятра
У паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы гаворыцца, што на працягу дзевяці месяцаў арцыбіскуп Марыё Джардана, былы Апостальскі нунцый, і спецыяльная камісія, якую ён узначаліў, не толькі падрыхтавалі новыя прававыя нормы, але і рэарганізавалі адміністрацыйныя і тэхнічныя службы Фабрыкі.
Сачыць за рэалізацыяй новых норм будзе нядаўна прызначаны архіпрэзбітэр базылікі, кардынал Маўра Гамбэці.
Рашэнне аб прызначэнні камісара Францішак прыняў пасля справаздачы Апарата Генеральнага рэвізора, якая з’явілася па выніках праверкі дакументацыі ў тэхнічных і адміністрацыйных аддзелах установы.
Фабрыка св. Пятра была створана ў 1506 г. па ініцыятыве папы Юлія ІІ для падрыхтоўкі будаўніцтва ватыканскай базылікі. Яе дзейнасць знаходзіцца ў юрысдыкцыі архіпрэзбітэра. Місія структуры заключаецца ў кіраванні, утрыманні, захаванні і рэстаўрацыі галоўнага каталіцкага храма.