Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі дыпламат у ААН: рэлігійная свабода – паўсюднае права

Паважаць і абараняць рэлігійную свабоду як вымярэнне чалавечай годнасці, - заклікаў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч узяў слова падчас 46-й сесіі Савета па правах чалавека. Ён пракаментаваў справаздачу Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з рэлігійнай свабодай, у якой звяртаецца ўвага на рост ісламафобіі і нянавісці да мусульман.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што ўсе акты нянавісці, дыскрымінацыі і пераследу ў адносінах да вызнаўцаў ісламу павінны быць асуджаны. У той жа час ён заўважыў, што ў сучасным свеце пераследу падвяргаюцца не толькі мусульмане. Па гэтай прычыне ў дакуменце належала б звярнуць увагу таксама на сітуацыю прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.

На думку іерарха, выбарачны падыход не прывядзе да змякчэння негатыўнага стаўлення да пэўных рэлігійных груп, але будзе ствараць падзелы і спрыяць мысленню згодна з прынцыпам “мы” супраць “іх”.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з тым, што ў справаздачы, мэта якой заключаецца ў садзейнічанні абароне “фундаментальнага права чалавека і паўсюднай свабоды рэлігіі і веравызнання”, на самой справе ўвага была засяроджана “на адной рэлігійнай групе, выключаючы іншыя, з рызыкай палярызацыі міжнароднай супольнасці і стварэння яшчэ большых канфліктаў”.
 

09 сакавіка 2021, 14:00