Angelus і аўдыенцыі будуць даступныя на мове жэстаў
Ініцыятыва рэалізуецца ў рамках праекта Ніхто не выключаны, мэта якога – данесці пасланне Папы да людзей з праблемамі слыху.
Пераклад сустрэч з Пантыфікам на мову жэстаў будзе даступны на канале Vatican News на YouTube. Дэбютным стане велікоднае пасланне і папскае благаслаўленне Urbi et Orbi у нядзелю, 4 красавіка 2021 г. Праект будзе рэалізавацца ў тэставым рэжыме год. Затым пройдзе даследаванне, наколькі ён запатрабаваны. Калі вынік будзе станоўчым, Дыкастэрыя па камунікацыі плануе пашырыць спіс моў.
Ініцыятыва ватыканскіх СМІ з'яўляецца адказам на заклік Францішка да развіцця адпаведных і даступных спосабаў перадачы веры. Пра гэта Папа напісаў у сваім апошнім пасланні да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю.
Канал YouTube з мовай жэстаў не стане апошняй прапановай. У бліжэйшыя месяцы будзе прадстаўлена мабільная прылада ватыканскіх СМІ для асоб з парушэннямі пачуццяў, у прыватнасці для сляпых і людзей са слабым зрокам.