Святы Айцец прызначае грошы на вакцынацыю ў бедных краінах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа і Апостальская элемазінарыя клапоціцца не толькі пра тых, хто знаходзіцца ў Рыме, але і пра людзей у бедных краінах свету, якія пацярпелі ад рознага роду крызісаў, з мэтай забяспечыць ім доступ да вакцыны. Менавіта для гэтага нарадзілася ініцыятыва Vaccino sospeso (адкладзеная вакцына) і спецыяльны фонд пры ёй.
“Гэта паняцце я сустрэў у Неапалі. Калі хтосьці ідзе ў бар і п'е каву, а неапалітанцы робяць гэта некалькі разоў на дзень, ён аплачвае не толькі сваю, але і яшчэ адну порцыю, не ведаючы, каму яна дастанецца. Калі бедны чалавек прыходзіць у бар, ён бясплатна атрымлівае каву ад невядомага, які загадзя заплаціў за яе. Гэта называецца caffè sospeso. Мы падумалі, што тыя, хто ўжо прышчапіўся, могуць дапамагчы людзям, якія не маюць магчымасці зрабіць гэта”, - патлумачыў Апостальскі элемазінарый.
Кардынал Краеўскі прызнаўся, што ў рамках ініцыятывы Vaccino sospeso на рахунак Святога Айца паступаюць ахвяраванні ад 5-10 да некалькіх тысяч еўра. Ужо сабрана каля 200 тыс. еўра. Палова гэтай сумы была адпраўлена ў Сірыю. Плануецца, што іншая частка грошай будзе паступова пералічвацца ў іншыя краіны, дзе існуюць складанасці з вакцынацыяй.